Вагнеравец сцвярджае, што наймітам абяцалі беларускае грамадзянства
Вагнеравец у Беларусі / Ілюстрацыйнае фота sb.by
Журналістка "Настоящего времени" тыдзень перапісвалася з вагнераўцам, які знаходзіцца ў палявым лагеры пад Асіповічамі. З ім яна пазнаёмілася на сайце знаёмстваў і кантактавала пад прыкрыццём. Мэтай было здабыццё інфармацыі пра планы вагнераўцаў у Беларусі.
Выданне сцвярджае, што яму вядомыя сапраўдныя імя і прозвішча гэтага вагнераўца, але яны не называюцца. Раней ён быў асуджаны. Удалося праверыць, што ён сапраўды жыве ў лагеры ў Асіповіцкім раёне.
Па словах найміта, яны могуць перасоўвацца па Беларусі толькі з дазволу камандавання. Займаецца трэніроўкамі беларускіх вайскоўцаў тэрміновай службы, пра якіх выказваецца абразліва. Таксама было нейкае начное заданне, і група вагнераўцаў (а сярод іх і суразмоўца журналісткі) хадзілі на мяжу для вырашэння неназванай "праблемы". Дзе менавіта ён быў, вагнеравец не прызнаўся. У размове ж нярэдка згадваў Польшчу. Днямі прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што больш за 100 наймітаў з групы "Вагнер" рушылі пад Гродна да мяжы (у аўторак Аляксандр Лукашэнка гэта адмаўляў). Польскія ўлады ўмацоўваюць яе ахову, не выключаюць правакацый.
Таксама ПВК "Вагнер" збіраецца легалізоўваць "трафейныя аўтамабілі", вывезеныя з Украіны.
Вагнеравец сцвярджае, што ім абяцалі беларускае грамадзянства — для тых наймітаў, каму яно сапраўды неабходнае. А яшчэ было абяцанне вырашыць праблему з жыллём, калі будзе жаданне застацца ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.