Валерый Цапкала плануе патраціць на збор подпісаў не менш за 100 тысяч рублёў
Валерый Цапкала
Экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала плануе плаціць па 1 рублі за кожны подпіс, сабраны за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Пра гэта напісаў у тэлеграме адзін з удзельнікаў яго ініцыятыўнай групы.
— Так. Напісалі па рублі за подпіс. Я прапанаваў усе сумы накіраваць на сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў, — адказаў ён на пытанне, ці будзе Цапкала плаціць за подпісы.
Для вылучэння ў прэзідэнты трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Гэта значыць, што патэнцыйны кандыдат плануе патраціць на збор подпісаў не менш за 100 тысяч рублёў!
У ініцыятыўнай групе Валерыя Цапкалы 784 чалавекі. Калі меркаваць па дзейным Выбарчым кодэксе, такой колькасці актыўных прыхільнікаў цалкам дастаткова, каб за месяц сабраць 100 тысяч подпісаў.
Аднак эксперты лічаць, што рэальныя шансы на радок у бюлетэні маюць прэтэндэнты, чые ініцыятыўныя групы ўключаюць 3000+ чалавек. Такіх у гэтай выбарчай кампаніі толькі дзве: у экс-банкіра Віктара Бабарыкі і ў дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.