Валерый Дайнэка: Я спяю “Малінаўку”, і ніякі Ханок мне нічога не зробіць
Чаму папулярнасць на радзіме прыходзіць да артыста пасля таго, як ён стане вядомым за мяжой, ці дапамаглі айчынным музыкантам квоты ў 75% на беларускім радыё, ці варта сёння беларускім музыкантам шукаць “шчасця” ў Расіі, як захаваць сяброўскія адносіны паміж аўтарам музыкі, тэкстаў ды выканаўцам іх твору ― на гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры Еўрарадыё адказаў саліст ансамбля “Беларускія песняры”, былы ўдзельнік легендарных “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна, заслужаны артыст БССР, спявак Валерый Дайнэка.
Пра выступы ў Расіі
У часы крызісу, а ён ужо цягнецца трэці ці чацвёрты год, канцэртаў у Расіі ў нас вельмі мала, і я большасць часу праводжу ў Мінску, ад чаго атрымліваю вялізнае задавальненне: займаюся агародам, рыбалкай, адпачынкам. Ну, а калі здараюцца канцэрты нейкія, выязджаем. Пакуль такая вось сітуацыя. І ў нас, і ў Расіі, і ў ва ўсёй Еўропе, як мне падаецца, крызіс толькі пачынаецца. Прычым, стала менш канцэртаў і расійскіх выканаўцаў. Адбілася гэта і на іх ганарарах: яны нарэшце зразумелі, што “загібаць” не варта.
Пра заробкі ў “Песнярах” і ў “Беларускіх песнярах”
У “Песнярах” мы атрымлівалі па дваццаць рублёў на чалавека за канцэрт. У прынцыпе, у тыя часы ўсе так атрымлівалі. Проста, “Песняры” працавалі больш за іншых і, вядома ж, больш зараблялі. Праўда, былі яшчэ так званыя “фондавыя” канцэрты, якія рабілі спачатку камсамольцы, а потым былыя камсамольцы ― менавіта яны займаліся “левымі” канцэртамі. Там мы атрымлівалі па сорак рублёў за канцэрт. А калі такіх канцэртаў было тры за дзень? У параўнанні з тым, што заробкі тады ў людзей былі 80-120 рублёў за месяц, то атрымаць 120 рублёў за дзень ― гэта было вельмі добра.
Што да заробкаў у “Беларускіх песнярах”… Цяжка казаць пра тое, пра што ўвогуле не хацелася б гаварыць! Было ці не было… Паколькі, мы і цяпер яшчэ працуем, то хай гэта будзе загадкай. Вы ж разумееце, што такое “кэш”? Гэта ж усё незаконна, і таму ў нас такіх канцэртаў практычна не было… У нас усе канцэрты абкладаюцца падаткам. А грошы?.. А грошы нам дораць нашы дзеці, некаторым — бацькі.
Пра тое, ці перасталі расіяне лічыць беларусаў “брацкім народам”
Гэта ўсё ёсць, гэта праўда, але ― на ўзроўні палітычных дзеячаў. Газеты пра гэта могуць нешта напісаць, у інтэрнэце пра гэта вельмі шмат гаворыцца. Але ад сваіх сяброў, людзей з якімі я там сустракаюся, я пра гэта не чуў і я змены стаўлення да беларусаў з боку расіян не адчуваю. Думаю, больш тут на гэтую тэму раздзьмуваецца. Я не веру, што можа паміж Расіяй і Беларуссю нешта дрэннае адбыцца. Гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі спецыяльна гэта зрабіць.
Пра гімн для БАТЭ
Я даўно ведаю гэтую каманду, мы сябравалі, і не раз выступалі на святкаваннях з нагоды перамог гэтай каманды. І таму я з задавальненнем адгукнуўся на прапанову праспяваць на запісе гімна БАТЭ. І зрабіў гэта фактычна бясплатна. Я проста адгукнуўся на прапанову маіх сяброў.
Пра ганаровыя званні
У мяне часта пытаюцца: “Ты яшчэ не народны?!”. Не ведаю, напэўна, нешта трэба для гэтага зрабіць? Але ніхто нічога не прапаноўваў. Што праўда, я не з’яўляюся членам ніводнага творчага саюза. У прынцыпе, мяне гэтая сітуацыя не асабліва турбуе. Можа, для гэтага трэба мець прадусара, які некуды там пойдзе. Але навошта? Дзеля пенсіі, каб да яе дадалі яшчэ сто рублёў? Ды і прадзюсара ў нас няма.
Пра забарону Ханка на выкананне яго песень
Я ў гэтай сітуацыі дакладна не на баку Эдуарда Ханка. Першае, гэтая яго заява была вельмі несвоечасовай. І нават больш ― гэта было падступна пасля таго, што адбылося. (Пасля смерці Аляксандра Ціхановіча і жалобнага канцэрта па ім Эдуард Ханок забараніў спяваць свае песні Ядвізе Паплаўскай, ― Еўрарадыё). Другое ― ніхто не мае права забараніць артыстам выконваць песні ― любыя! Няма такога закона! Мы можам выйсці на сцэну і спяваць любыя песні. Апроч таго, Эдуард Ханок за гэтыя песні даўно ўжо атрымаў грошы. І атрымаў не менш, чым артысты, якія гэтыя песні спявалі. Гэта ўжо не кажучы пра тое, што менавіта артысты, якія спявалі яго песні зрабілі яму імя і раскруцілі яго. Я заўтра выйду і буду спяваць “Малінаўку”, і ніякі Ханок нічога мне не зможа зрабіць ― ні з дапамогай суда, ні міліцыі.
Пра тое, як Беларусі выйграць “Еўрабачанне”
Для гэтага нічога не трэба. Трэба толькі сумленна артыстам праспяваць. Так, як там было і сёлета, да прыкладу. Але! Чаго там насамрэч хочуць і якімі метадамі там карыстаюцца, у тым жа галасаванні SMS, ― тут ніхто нічога не ведае. Сёлета Беларусь прадставіла на “Еўрабачанні” песню цалкам няконкурсную, але якой я асабіста даў бы першае месца. Я быў старшынёй журы падчас адбору на “Еўрабачанне”, і менавіта Naviband падаліся мне самымі… беларускімі. І самымі шчырымі. Менавіта гэтым і можна было б “Еўрабачанне” ўзяць. І, напэўна, узялі б, але нешта ў тым галасаванні было няправільнае!
Фота Змітра Лукашука