"Вайна павялічыла цікавасць да паэзіі". Інтэрв'ю з Сяргеем Жаданом

"Вайна павялічыла цікавасць да паэзіі". Інтэрв'ю з Сяргеем Жаданом

У Мінску 15 чэрвеня, у межах “Дзён украінскай культуры”, прэзентуюць кнігу на беларускай мове ўкраінскага літаратара Сяргея Жадана. Раман “Варашылаўград” выйшаў у выдавецтве “Логвінаў” і, адпаведна, прэзентуецца ў кнігарні “Логвінаў”. Хвілінаў за 20 да пачатку прэзентацыі ў зале няма ніводнага вольнага месца.

“Ды тут сёння проста аншлаг!” — здзіўлена кажуць тыя, хто прыходзіць бліжэй да пачатку мерапрыемства. Калі параўноўваць з прэзентацыямі кніг беларускіх літаратараў, якія мне давялося наведаць апошнім часам, сёння ў кнігарні “Логвінаў” сапраўды аншлаг. Па галовах прысутных я, безумоўна, не лічыў, але на вока ў зале сабралася пад сотню чалавек. Спачатку арганізатары прыносілі дадатковыя крэслы, але потым махнулі рукой, і людзі проста стаялі ўздоўж сцен.

Разам з самім Сяргеем Жаданом з творчасцю ўкраінскага паэта беларусаў знаёміць айчынны паэт Андрэй Хадановіч. Спачатку яны па чарзе чытаюць вершы замежнага госця: Жадан — у арыгінале, Хадановіч — у перакладзе на беларускую мову. Прысутныя аднолькава добра разумець і адну мову, і другую. Асаблівы смак вечарыне надае тое, што абодва паэта — выбітныя дэкламатары.

Па шчырасці, я хоць раней і шмат чуў пра Сяргей Жадана, але з творчасцю яго знаёмы не быў. Так — некалькі вершай прачытаў, некалькі — бачыў на відэа ў інтэрнэце ў яго выкананні. Пачутае ўражвае. Я не крытык, раскладаць творчасць Жадана па палічках не буду. Каму цікавая паэзія — раю пачытаць. Гэта — уражанні ад пачутага сёння ў выкананні самога аўтара і Андрэя Хадановіча. Чыталі ўрыўкі і з рамана “Варашылаўград”, хвалілі яго, безумоўна, але тут раіць не магу, пакуль сам не прачытаю.

Па заканчэнні чытанняў аўтар традыцыйна раздаваў усім ахвочым аўтографы ў свежанабытыя кнігі. І хаця ў яго застаецца зусім мала часу да цягніка, пагаджаецца адказаць на пытанні карэспандэнта Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Па шчырасці, мяне здзівіла колькасць людзей, якія прыйшлі на прэзентацыю вашай кнігі — а ў вас якія былі чаканні? І ці ходзяць на такія прэзентацыі ці творчыя сустрэчы з паэтамі людзі ва Украіне?

Сяргей Жадан: Я спадзяваўся, што прыйдзе нармальна людзей. Бо мінулы раз мяне таксама прымалі ў вас вельмі добра: людзей было крыху менш, чым сёння, але ўсё адно прыйшло шмат. На апошняй маёй прэзентацыі ў Кіеве было 500 чалавек, але там усё было па квітках. У Харкаве, таксама па квітках, прыйшло 300 чалавек. Ну, звычайна цікавасць ёсць у людзей.

Еўрарадыё: Гэта сведчанне таго, што паэзія, прынамсі ва Украіне, не гіне!

Сяргей Жадан: Не, яна развіваецца — з’яўляюцца новыя аўтары, вельмі цікавыя, ёсць чытачы. Нават больш за тое — новае пакаленне чытачоў з’яўляецца. Не-не! Яна развіваецца! Я не магу сказаць, што ёсць нейкі паэтычны бум, але ёсць стабільнае кола чытачоў, якія цікавяцца літаратурай, паэзіяй. Я люблю сваіх чытачоў, люблю выступаць, люблю з імі размаўляць, і яны мне адказваюць узаемнасцю.

Еўрарадыё: Як на цікаваць людзей да творчасці, мастацтва, той жа паэзіі паўплывалі вайна на Данбасе, эканамічны крызіс?

Сяргей Жадан: Я думаю, што цікаваць толькі павялічылася. І не да канкрэтна, скажам, паэзіі, а да культуры ўвогуле. Бо людзі ў стане стрэсу, у стане пастаяннай пагрозы, у стане пастаяннай нестабільнасці пачынаюць больш цікавіцца культурай — звяртаюцца да такіх стабільных рэчаў. Тое, што ў краіне вайна, зусім не азначае, што “цяпер не час для музыкі ды вершаў!” Мы з сябрамі-музыкантамі пастаянна ездзім на фронт, выступаем перад нашымі вайскоўцамі — ім гэта таксама вельмі патрэбна. І тут гаворка не пра нейкі там адпачынак: чалавек не павінен жыць толькі вайной ці пагрозаю смерці. Чалавек павінен трымацца за базавыя рэчы, якія яго фармавалі, выхоўвалі: музыка, літаратура, тэатр, кіно. Гэта сапраўды вельмі важна.

Еўрарадыё: А ў чым важнасць — патрыятызм узнімаць?

Сяргей Жадан: Я скажу трохі пафасна, але гаварыць праўду, вось і ўсё.

Еўрарадыё: Словы пра тое, што цяпер украінцы і расіяне доўга не памірацца, — праўда?

Сяргей Жадан: Расія зрабіла па максімуме ўсё магчымае, каб сапсаваць адносіны з Украінай. Краіна, якая прыходзіць у іншую краіну з вайной, павінная быць гатовая да таго, што ёй доўга гэтага не прабачаць.

Еўрарадыё: Ці паехалі б вы ў Расію выступаць — мастацтва ж мусіць людзей мірыць і аб’ядноўваць?

Сяргей Жадан: Мне часта прыходзяць прапановы выступіць ў Расіі, але я адмаўляюся. Ну, як я магу ехаць у краіну, якая здзяйсняе агрэсію супраць маёй? Культура мірыць людзей, сапраўды, але ёсць рэчы базавыя, праз якія я не магу пераступаць. Пакуль ідзе вайна, мне цяжка гаварыць пра культуру. Разумееце, гэта будзе здрада людзям, якія ваююць, гінуць, якія застаюцца ў закладніках па той бок фронту, якія знаходзяцца ў палоне, украінцам, якія сядзяць у расійскіх турмах.

Еўрарадыё: Вы ведаеце пра стан беларускамоўнай паэзіі ў Беларусі?

Сяргей Жадан: Мой сябра Андрэй Хадановіч і іншыя мае сябры-беларусы расказваюць пра тое, што ў вас тут адбываецца. Я і сам уважліва сачу — я ж з беларускай мовы перакладаю і сяброў тут багата маю. Як мне падаецца, літаратура — гэта адлюстраванне грамадскіх і палітычных працэсаў. Літаратура — яна ж развіваецца гэтак жа, як развіваецца грамадства. Таму я думаю, што беларуская літаратура сёння дакладна такая, якое беларускае грамадства сёння. І ўкраінская літаратура сёння дакладна такая ж, якім ёсць украінскае грамадства.

Еўрарадыё: Вы са сваім рок-гуртом выконваеце песню беларускай “Мроі” “Я рок-музыкант”. А вось сам Лявон Вольскі кажа, што выконваць яе цяпер ні ў якім разе не стаў бы — яна без нюансаў, гэтакі маніфест. Вам падабаюцца творы без нюансаў?

Сяргей Жадан: Я люблю рознае, але ў гэтай песні мне падабаецца менавіта тое, што гэта маніфест. Сапраўды, тут я згодны з Лявонам, гэта маніфест і нават пэўная дэкларацыя, гэта песня-сцяг. Мне яна падабаецца, і мы яе з задавальненнем выконваем. Перадавайце вялікі дзякуй Лявону!

Еўрарадыё: Не аднойчы чуў у Кіеве, як мясцовыя жыхары паміж сабой размаўляюць па-руску. І такіх людзей даволі шмат. Як вы ацэньваеце сённяшні стан украінскай мовы ва Украіне?

Сяргей Жадан: Сітуацыя магла б быць і лепшай… Але людзей, якія гавораць у жыцці па-ўкраінску, паступова робіцца ўсё больш. Ведаеце, калі працэс пачаўся, яго ўжо нічога не спыніць. Бо краіна змяняецца, грамадства змяняецца. І я не думаю, што з мовай у нас такая ўжо вялікая праблема. Бо сёння я практычна не бачу ва Украіне негатыўнага стаўлення да ўкраінскай мовы. А ўсё астатняе можна вырашыць. Толькі вырашаць трэба пісьменна і стратэгічна: падтрымліваць свой медыяпрадукт, свой музычны, літаратурны прадукт пашыраць на інфармацыйнай прасторы. Проста трэба гэтым займацца і пажадана гэта рабіць не за кошт іншых моў. І беларусы павінныя вынесці ўрокі з таго, што адбываецца ва Украіне. І адносна “братэрскага рускага народа”, і адносна сувязяў з Расіяй, і адносна таго, чым увогуле ёсць ваша незалежнасць, ваша дзяржава. І самае галоўнае —адносна вашай самаідэнтыфікацыі. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі