Венядзіктаў: Лукашэнка і апазіцыя правядуць перамовы пры ўдзеле АБСЕ і ЗША

Венядзіктаў: Лукашэнка і апазіцыя правядуць перамовы пры ўдзеле АБСЕ і ЗША

Сенсацыйнае паведамленне апублікаваў у сваім тэлеграм-канале галоўны рэдактар радыёстанцыі "Эхо Москвы" (кантрольны пакет належыць "Газпрам-Медыя Холдынг") Аляксей Венядзіктаў. Па яго словах, рыхтуюцца перамовы беларускай улады з апазіцыяй пры ўдзеле АБСЕ і ЗША.

"Перамовы Лукашэнкі з апазіцыяй будзе весці АБСЕ пад кіраўніцтвам Швецыі. Усіх палітычных зняволеных патрабуюць неадкладна вызваліць і рэабілітаваць. Краіны ЕС бяруць на сябе абавязальніцтвы па аказанні макраэканамічнай падтрымкі на працягу пераходнага перыяду, у тым ліку і пасля правядзення свабодных выбараў. Усебаковую падтрымку абяцаюць аказаць незалежным СМІ, праваабаронцам, прамысловым прадпрыемствам і малому бізнесу", — напісаў Венядзіктаў. 

Ён спасылаецца на тэлефонную размову дарадцы Дзярждэпартамента ЗША Дэрэка Шоле з кіраўніком беларускай дыпламатыі Уладзімірам Макеем, якая адбылася 22 сакавіка. На думку Венядзіктава, падчас гэтай гутаркі абмяркоўваліся тэрміны і ўмовы правядзення перамоваў апазіцыі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай і беларускай улады.

Па словах Венядзіктава, перамовы пачнуцца не пазней за 1 траўня. У іх павінныя прыняць удзел амбасадарка ЗША Джулі Фішэр, старшыня Еўракамісіі ў 2004-2014 гадах Жазэ Мануэль Барозу, а таксама прадстаўнікі АБСЕ і МЗС Нямеччыны.

Варта падкрэсліць, што многія інсайдарскія паведамленні галоўрэда "Эха Москвы" не пацвярджаліся. Напрыклад, ён заяўляў, быццам на перамовах у Сочы 14 верасня 2020 года Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі лёс экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыкі. Аднак ніякіх пацвярджэнняў такой размовы дагэтуль няма. Над Бабарыкам нават пачаўся суд, а кіраўніцай "Белгазпрамбанка" стала былая старшыня Нацбанка Надзея Ермакова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі