Ветэран Вялікай Айчыннай вайны ў Расіі аказаўся карнікам з Беларусі (відэа)

Расійская пракуратура зрабіла запыт у Беларусь і атрымала ад Генпракуратуры нашай краіны копіі матэрыялаў архіўнай справы. Паводле гэтых дакументаў, згаданая асоба ў 1942 годзе ваявала ў складзе Чырвонай Арміі на Калінінскім фронце. Ён быў афіцэрам сувязі штаба корпуса. У ліпені 1942-га мужчына трапіў у нямецкі палон. На допыце ён распавёў, дзе знаходзяцца іншыя афіцэры, якія трапілі ў акружэнне, а ў снежні паступіў на службу ва "ўсходні" вучэбны полк у Бабруйску.


У жніўні 1943-га — верасні 1944 года былы афіцэр Чырвонай Арміі знаходзіўся ў складзе карнага батальёна ў Францыі. Там ён трапіў у палон да амерыканцаў. Ужо ў снежні 1945 года ён быў у руках савецкіх спецслужбаў, яго асудзілі Вайсковым трыбуналам Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Нямеччыне за здраду Радзіме на 10 гадоў пазбаўлення волі, пазбавілі вайсковага звання "лейтэнант".


Як паведамляе РІА "Новости", былому карніку было адмоўлена ў рэабілітацыі, аднак ён змог у 1980 годзе атрымаць у Адзінцоўскім аддзеле ваеннага камісарыяту Маскоўскай вобласці пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. І больш за 30 гадоў незаконна атрымліваў сацыяльнае забеспячэнне. Пракуратура спрабуе пазбавіць яго гэтых ільготаў праз суд.

Фота — bymedia.net


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі