Віцебскія навучальныя ўстановы выйшлі на плошчу Свабоды. Гандляваць (ФОТА)

26 верасня ў Віцебску праходзіць незвычайны, але ўжо традыцыйны кірмаш. Свае тавары на плошчу Свабоды звезлі навучальныя ўстановы са ўсёй вобласці. Прадаюць рознае — ад вышыванак ды мяккіх цацак, зробленых аматарскімі гурткамі, да драўляной мэблі, зерня, саджанцаў, садовых інструментаў. На некаторых прылаўках ўсё так і выкладзена – грабельцы побач з вышыванкамі. Докшыцкі ліцэй прывёз на кірмаш цяля, і амаль адразу прадаў. Пашкадавалі выкладчыкі, што толькі адно цяля ўзялі – нагандлявалі б! Але і так плануюць узяць на кірмашы мільёнаў дзесяць, прадаўшы гародніну, печыва, мяккія цацкі.

Грошы патрэбны на бензін, навучальныя дапаможнікі ды іншыя бягучыя патрэбы. Гародніну прывезлі на кірмаш многія школы ды вучэльні. Можна тут пабачыць і набыць трусаў-веліканаў пароды французскі баран і нават в’ятнамскіх парсючкоў

Некаторыя навучальныя ўстановы на кірмашы не толькі гандлююць, але і рэкламіруюць сабе. Сёлета арыгінальнасць праявілі ў адной з вучэльняў лёгкай прамысловасці. Выразаць адмысловыя кветачкі з гародніны там пасадзілі настаўніцкіх дзетак. І на кожнага начапілі паперку з надпісам: “Мая мама – майстар вытворчага навучання па спецыяльнасці “Кандытар”.

Дарэчы, на кірмаш сабраліся не толькі навучэнцы ды выкладчыкі. Там-сям у куточках прытуліліся бабулькі з кветкамі, мёдам, ягадамі ды іншым таварам – яўна не школьніцы і не педагогі. Таксама на бягучыя патрэбы нагандляваць імкнуліся.








Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі