Відавочца катастрофы МіГ-29: Выбухі пасля аварыі гучалі яшчэ паўгадзіны

“Сёння былі палёты, самалёты лёталі цэлы дзень. Я выйшла ў абед з дзіцем гуляць. І раптам пачула выбух, пабегла туды, у бок выбуху. Тут у нас ферма побач, і выбух быў адтуль, з таго боку. Я падумала, што выбух на ферме. Падбегла, а там дым за фермай, а ў небе лётчык на парашуце. Я зразумела, што гэта самалёт разбіўся”, — расказвае відавочца авіякатастрофы Святлана, якая жыве ў вёсцы Дарава Брэсцкай вобласці. 

Па звестках Мінабароны, катастрофу пацярпеў МіГ-29 61-й знішчальніцкай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА. Лётчык катапультаваўся. Здарэнне адбылося каля 13.30. 

Дом Святланы знаходзіцца літаральна за кіламетр ад месца аварыі. Жанчына гаворыць, што палёты над яе дахам — даволі частая з’ява, і яна неаднойчы задумвалася аб бяспецы.

Жанчына расказвае, што лётчык пасля катапультавання і прызямлення самастойна хадзіў па полі.

“Былі чутныя плескачы, выбухі. Праз дзесяць хвілін я туды пад’ехала на машыне, але самалёт ужо згарэў. Практычна нічога не засталося, бачыла толькі, як па полі лётчык хадзіў. Потым пачалі ехаць ваенныя, міліцыя, пажарныя. І дагэтуль ездзяць туды-сюды”.

Святлана дадае, што пасля асноўнага выбуху, які быў чутны ў момант катастрофы, на месцы аварыі іх было яшчэ шмат. Выбухі гучалі на полі нават паўгадзіны.

“Яны ўдваіх лёталі. Звычайна лётаюць парамі альбо па пяць штук. І вось калі адзін упаў, то другі кружыў над ім. Нізка падлятаў, хацеў пабачыць, што адбылося, напэўна… А выбухі былі чутныя яшчэ паўгадзіны. Вось я пад’ехала праз дзесяць хвілін, і на месцы катастрофы амаль не гарэла ўжо нічога, толькі кучка невялікая засталася ад самалёта. А выбухі яшчэ доўга гучалі”.

Увечары пасля катастрофы стала вядома, што Мінабароны спыніла палёты ўсёй ваенный авіяцыі.

У Брэсцкай вобласці разбіўся ваенны самалёт Міг-29

У Беларусі часова прыпынілі палёты ваеннай авіяцыі

З'явіліся фота і відэа з месца падзення ваеннага Міга-29 на Брэстчыне

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі