Відэа, як затрымлівалі топ-менеджэра БелАЗа

Відэа, як затрымлівалі топ-менеджэра БелАЗа

МУС апублікавала відэа затрымання топ-менеджэра БелАЗа, якога падазраюць у атрыманні хабару — яго спынілі на трасе, вывелі з машыны і адразу на месцы пачалі дапытваць. Затрыманы, якога знялі на відэа, называе сваё імя і пасаду — Даронін Андрэй Аляксандравіч, намеснік гендырэктара БелАЗ. Акрамя яго затрыманыя яшчэ пяць чалавек, якія падазраюць ва ўдзеле ў злачыннай групе.

Як паведамляе прэс-служба МУС, затрыманне адбылося 4 ліпеня ў Мінску. Намеснік гендырэктара БелАЗа атрымаў суму ў памеры 1200 долараў ад прадстаўніка сталічнай камерцыйнай структуры. Гэта было ўзнагароджанне за спрыяльнае вырашэнне пытання аб першачарговай аплаце пастаўленай на завод партыі металу. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС і Следчага камітэта спынілі крымінальную схему.

На наступны дзень у ходзе далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі затрыманыя начальнік бюро і эканаміст ААТ “БелАЗ”, якія, па дадзеных праваахоўнікаў, з 8 чэрвеня па 4 ліпеня гэтага года таксама атрымлівалі хабар ад прадстаўнікоў згаданай фірмы ў якасці “падзякі” за станоўчае вырашэнне пытання аб падпісанні дамоваў на пастаўку металу.

Праваахоўнікі высветлілі, што незаконная схема дзейнічала з восені мінулага года — з моманту ўтварэння камерцыйнай структуры. Метал для патрэб БелАЗа закупляўся па цэнах, якія перавышаюць рынкавы кошт. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сістэматычна атрымлівалі хабар. Іх памер складаў пэўны адсотак ад сумы здзелкі.

Па справе праходзяць тры службовыя асобы БелАЗа, а таксама трое прадстаўнікоў камерцыйнай структуры.

Заведзеныя крымінальныя справы па арт.430 КК (атрыманне хабару), якая прадугледжвае максімальнае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, і арт.431 КК (дача хабару) — максімальнае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Накладзены арышт на маёмасць, якая належыць фігурантам: шэсць аўтамабіляў прэміум-класа, грашовыя сродкі і каштоўнасці, сем аб'ектаў нерухомасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі