“Візітам у Кіеў Лукашэнка дэманструе беларусам сваю ўплывовасць”

Кіраўнікі Беларусі і Украіны сустрэнуцца ў Кіеве ў нядзелю, 21 снежня, але пра што будуць гаварыць, да гэтага часу трымаецца ў сакрэце. Прычым не ўдакладняюць тэмы двухбаковых перамоў Лукашэнкі і Парашэнкі ні ў Кіеве, ні ў Мінску.
 
“Візіт рыхтуецца, і тое, што сказаў учора прэзідэнт, — гэта пакуль уся інфармацыя. Ніякіх іншых падрабязнасцяў пакуль не агучваецца”, — такі адказ дае Еўрарадыё прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант на пытанне пра тэму будучых перамоў. 
 
Што ж могуць у першую чаргу абмяркоўваць лідары дзвюх краін?
 
 
                              Пётр Парашэнка
 
Па словах украінскага палітолага Яўгена Магды, найперш Аляксандра Лукашэнку цікавіць працяг перамоў кантактнай групы ў Мінску па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.
 
Яўген Магда: “Бо для Лукашэнкі “мінскі фармат” стаў трамплінам, дзякуючы якому ён адштурхнуўся ад статуса апошняга дыктара Еўропы і пачаў вяртацца так ці інакш у еўрапейскую палітыку. Падзеі на Данбасе дазволілі Лукашэнку праявіцца калі не ў вобразе міратворца, то палітыка, які спрыяе замірэнню на тэрыторыі Украіны”.
 
 
               Удзельнікі "кантактнай групы" на перамовах у Мінску
 
З тым, што менавіта пытанні арганізацыі далейшых перамоў у “мінскім фармаце” будуць найперш абмяркоўвацца ў Кіеве кіраўнікамі Беларусі і Украіны, згодны і дырэктар украінскага цэнтра палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімір Фясенка. Па яго словах, Лукашэнка ні ў якім выпадку не хоча страціць магчымасць заставацца галоўным міратворцам у той час, калі вымушана да гэтай міратворчай місіі далучаецца і кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Яго візіт у Кіеў прызначаны на панядзелак, 22 снежня. 
 
Уладзімір Фясенка: “Два гэтыя візіты вельмі сімвалічныя: галоўныя партнёры Масквы пачалі праводзіць больш актыўную і аператыўную палітыку адносна Украіны. На маю думку, гэта вельмі важна. Мне падаецца, што і Назарбаеў, і Лукашэнка адчуваюць, што палітыка Расіі і ў дачыненні да Украіны, і ў дачыненні да Захаду, не зусім прагматычная, не зусім мэтазгодная. Трэба яе рабіць больш гнуткай, мяккай. Плюс узнікаюць вялікія праблемы ад такой палітыкі Масквы ў Расіі, але яны непазбежна будуць біць і па саюзніках Расіі па Мытным саюзе”.
 
Да ўсяго, сцвярджае Фясенка, сёння і ў Беларусі, і ў Казахстане ёсць асцярогі, “ці не пойдзе Масква і на сваіх саюзнікаў, ці не пачне і іх суверэнітэт шчаміць?” І гэта прымушае Мінск і Астану праводзіць “гнуткую” замежную палітыку і актыўна браць удзел у вырашэнні “ўкраінскага крызісу”. Плюс, мяркуе суразмоўца Еўрарадыё, Лукашэнка лічыць не лішнім нагадаць пра сябе-міратворца Захаду. 
 
 
Толькі што яшчэ можа прапанаваць Лукашэнка перамоўнікам па Данбасе? Беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман нагадвае словы Уладзіміра Пуціна з яго апошняй прэс-канферэнцыі пра “ДНР і ЛНР у складзе Украіны”.
 
Яўген Прэйгерман: “Кожнаму з бакоў патрэбныя саступкі для сваіх апанентаў. Для гэтага патрэбная і нейкая пляцоўка для перамоў, і арганізатар гэтай пляцоўкі. У нашым выпадку гэта Лукашэнка, трэба, каб ён шукаў гэтыя кропкі сутыкнення. І цяпер роля Лукашэнкі можа быць у тым, каб знайсці нейкія формулы, якія так ці інакш, хаця б фармальна, задаволяць усе бакі”.
 
 
                             Яўген Прэйгерман
 
Безумоўна, дадае Яўген Прэйгерман, не абыдзецца і без абмеркавання эканамічных пытанняў. Як паміж Лукашэнкам і Парашэнкам, так і паміж Парашэнкам і Назарбаевым. Праўда, пра стварэнне ўкраінска-беларуска-казахстанскага саюза на фоне эканамічнага крызісу ў Расіі і насуперак яе агрэсіўнай замежнай палітыцы размова не ідзе. 
 
З беларускім экспертам згодны і яго ўкраінскі калега Яўген Магда.
 
Яўген Магда: “Мяркую, галоўным вынікам будзе тое, што Мінск і Кіеў задэкларуюць, што нават стварэнне з 1 студзеня 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза не зашкодзіць двухбаковым эканамічным адносінам”.
 
                               Яўген Магда
 
Цікава, што абодва ўкраінскія эксперты ўпэўненыя: візіт Лукашэнкі ў Кіеў найперш накіраваны на “ўнутраны рынак”, для беларусаў. Такім чынам кіраўнік Беларусі хоча прадэманстраваць беларусам, што “нягледзячы на праблемы з курсам рубля іх прэзідэнт уплывовы і незаменны”.

Фота: Змітра Лукашукаudf.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі