Вопратку, якая належала Элеаноры Язерскай, выкінулі на сметнік (фота)

Экстравагантны гардэроб тэлезоркі Элеаноры Язерскай, якая памерла ў мінулым годзе, апынуўся на сметніку. Яскравую і незвычайную вопратку выпадкова заўважылі журналісты  інтэрнэт-часопіса 34mag.net. Яны правялі расследаванне і высветлілі, што рэчы сапраўды належалі Язерскай.

Як сказаў citydog.by сваяк тэлезоркі, пляменнік Кірыл Домніч, на сметніку апынуліся рэчы, якія “не ў вельмі добрым стане”. Аднак засталася вялікая калекцыя сукенак, капялюшаў і іншых рэчаў, а таксама партрэтаў культавай асобы беларускай поп-культуры. Паводле сваяка памерлай, плануецца зладзіць канцэрт памяці Элеаноры Язерскай, у часе якога гардэроб тэлезоркі прададуць на аўкцыёне.

Элеанора Язерская памерла ў траўні 2014 года ў сваёй кватэры. Яна жыла самотна і таму сваякі знайшлі нябожчыцу толькі праз два тыдні пасля смерці. У гісторыю беларускай культуры Язерская ўвайшла як музыказнаўца і тэлевядоўца. Ёй было 67 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі