ВУП Беларусі сёлета знізіўся на 3,5%
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені-жніўні 2015 года знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 3,5% і склаў 564 трыльёна 441,3 мільярда рублёў, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.
Сёлета знізілася вытворчасць па ключавых галінах гаспадаркі. Прамысловай прадукцыі выпусцілі на 474 трыльёны 187,2 мільярда, што на 7,1% меней, чым за студзень-жнівень 2014 года. Сельскагаспадарчай прадукцыі вырабілі на 80 трыльёнаў 921,8 мільярда, што на 1,4% меней. На 14,2% знізіліся інвестыцыі.
Пры гэтым у Беларусі на 1,1% вырас рознічны тавараабарот і склаў 224 трыльёны 37,6 мільярда рублёў. Таксама вырас аб’ём уведзенага ў эксплуатацыю жылля — 3 мільёны 411,2 тысячы квадратных метраў, што на 4,8% болей, чым за першыя восем месяцаў мінулага года.