Выбары ў Германіі: без назіральнікаў і без празрыстых скрынь для галасавання

Выбары ў Германіі: без назіральнікаў і без празрыстых скрынь для галасавання

24 верасня ў Германіі абіралі дэпутатаў Бундэстага. Падзея ў палітычным жыцці для немцаў вельмі важная, бо партыя з большай колькасцю мандатаў будзе вызначаць новы ўрад і новага канцлера.

Вынікі галасавання сталі вядомыя ўжо вечарам ў нядзелю. І вынікі гэтыя шакавалі экспертаў і аналітыкаў: для вядучых партый, альянсу ХДС/ХСС і Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі кампанія апынулася правальнай, а ўльтраправая “Альтэрнатыва для Германіі” нечакана атрымала шмат галасоў. Еўрарадыё на месцы назірала за выбарчай кампаніяй, ходам галасавання і абвяшчэннем вынікаў. Што агульнага, а ў чым адрозніваюцца выбары ў Германіі і Беларусі?

Як і ў нас, участкі для галасавання ў Германіі месцяцца ў школах, дамах для пажылых людзей ды іншых дзяржаўных установах. З адной розніцай — там няма ні буфетаў з таннымі прысмакамі ды алкаголем, ні народнай самадзейнасці. Выбары для немцаў — гэта не свята пад прымусам, а сапраўды важная для іх палітычная падзея. Немцы шчыра вераць не толькі ў сумленнасць выбараў, але і ў тое, што аддаючы свой голас, яны абіраюць будучае для сябе і сваіх дзяцей.

Адным з першых на выбарчы ўчастак ва Усходнім Берліне (участкі адкрытыя з 8 і да 18 гадзін) прыходзіць 90-гадовы спадар Карл. Маё пытанне, навошта яму гэтыя выбары, выклікае ў сталага немца шчырае здзіўленне.

“У мяне ж ёсць дзеці, унукі, можа, ужо нават і праўнукі ёсць. Я хачу для іх добрага жыцця — як я магу не галасаваць?! Ад нас залежыць, хто намі будзе кіраваць”.

Еўрарадыё: Вам не падаецца, што Меркель ужо занадта доўга знаходзіцца пры ўладзе — 12 гадоў ужо была канцлерам і хоча яшчэ. Яна хутка новым Хонэкерам стане!

“Доўга, — пагаджаецца са мной спадар Карл. — Але хай і яшчэ даўжэй будзе! Я не супраць доўгага знаходжання пры ўладзе. Асабліва, калі ў канцлера атрымліваецца добра кіраваць. А ў Меркель атрымліваецца. Вось, вы пыталіся, якіх бы зменаў я хацеў для Германіі? Ніякіх. Думаю, цяпер у нас усё робіцца правільна”.

Следам за спадаром Карлам на ўчастак заходзяць дзве дзяўчыны гадоў 23-25. Сваю актыўнасць тлумачаць проста: калі ад цябе залежыць, як ты далей будзеш жыць, то неразумна было б не скарыстацца гэтым.

 

Ці магчымыя фальсіфікацыі на нямецкіх выбарах

 

Скрыні для галасавання звычайныя, непразрыстыя. Чаму? “А якая розніца, якія яны? Галоўнае, каб там была шчыліна, куды можна закінуць бюлетэнь”, — адказваюць усе, з кім размаўляем на гэтую тэму. Немцам проста ў галаву не прыходзіць, што нехта можа падкінуць туды “свае” бюлетэні і такім чынам сфальсіфікаваць іх выбар.

“Галасаваць нашы выбаршчыкі могуць як непасрэдна на выбарчым участку ў дзень галасавання, так і дыстанцыйна — з дапамогай дасланых па пошце лістоў з бюлетэнямі, — расказвае намеснік кіраўніка выбарчай камісіі федэральнай зямлі Берлін Ульрыке Рокман. — Дыстанцыйна, па апошніх дадзеных, галасуе да 30% выбаршчыкаў. І ў гэтым мы бачым пэўную небяспеку. Да прыкладу, пасля мінулых выбараў у адным сметніку знайшлі даволі шмат лістоў з бюлетэнямі. Лісты былі не ўскрытыя, але ж гэтыя галасы і не былі ўлічаныя — яны проста прапалі. Чаму і хто іх выкінуў, так і засталося невядомым. Але мы асцерагаемся, што такая вялікая колькасць тых, хто галасуе дыстанцыйна, стварае небяспеку для пэўных маніпуляцый галасамі выбаршчыкаў”.

На маё пытанне пра парушэнні падчас выбараў спадарыня Рокман змагла прыгадаць толькі выпадак, калі бюлетэні адной акругі нейкім чынам апынуліся ў іншай. Зразумелі гэта адразу, бо дэпутаты ў акругах балатуюцца розныя, і хутка недарэчнасць выправілі, але, як кажуць, непрыемныя адчуванні засталіся.

Еўрарадыё: Але можа быць такое, што вам патэлефануе, да прыкладу, канцлер Меркель і папросіць нейкім чынам “паспрыяць” галасаванню ў Берліне на карысць яе партыі?

“Гэта непрымальна! — шчыра абураецца фрау Рокман. — Мы цалкам незалежныя, мне ніхто не можа аддаваць нейкія загады. Звярнуцца з такой просьбай не прыйдзе ў галаву ніводнаму нямецкаму палітыку. Ды і выканаць такую просьбу немагчыма. Больш за тое, кожны сябра камісіі палічыў бы сваім абавязкам паведаміць пра такое журналістам. І гэта быў бы такі скандал, які б паставіў крыж на кар’еры гэтага палітыка”.

 

Выбарчыя камісіі — хто ўсе гэтыя людзі і як яны туды патрапілі

 

Усе выбарчыя камісіі ў Германіі амаль цалкам фармуюцца з… валанцёраў. Людзі самі дасылаюць лісты ў мясцовы муніцыпалітэт з просьбай уключыць іх у склад выбарчых камісій.

“Калі б у гэты дзень я не была занятая на працы, то таксама б пайшла валанцёрам у камісію”, — прызнаецца доктар Ульрыка Бутмалою, з якой мы прыйшлі галасаваць у школу, на яе выбарчы ўчастак у Заходнім Берліне.

У складзе ўчастковай выбарчай камісіі 5-6 чалавек. Калі раптам валанцёраў недзе не хапіла, папрацаваць у гэты дзень прапаноўваюць “бюджэтнікам” — чыноўнікам і школьным настаўнікам. За дзень працы шараговы сябра камісіі атрымоўвае 30 еўра (чыноўнікі да гэтай сумы атрымліваюць адзін выхадны), старшыня камісіі — 50 еўра. Камісія збіраецца толькі на дзень галасавання. Ніхто з імі, як гэта адбываецца ў Беларусі, не праводзіць адмысловую вучобу, не тлумачаць, як паводзіць сябе з цікаўнымі назіральнікамі ды нахабнымі журналістамі. Назіральнікаў, дарэчы, увогуле няма, а журналісты ні ў чым не абмежаваныя — трэба толькі атрымаць дазвол ад сябраў камісіі рабіць фота. Мне з адмовай сутыкнуцца не давялося. Калі толькі некаторыя выбаршчыкі прасілі іх не фатаграфаваць.

Старшыню альбо абіраюць самі сябры гэтай камісіі, альбо прызначаюць мясцовыя ўлады. У доме для пажылых людзей старшынёй быў школьны настаўнік гісторыі.

“Як гісторык я добра ведаю, да чаго можа прывесці сітуацыя, калі людзі адмаўляюцца карыстацца сваім правам абіраць сваё будучае праз свабодны выбар”, — тлумачыць ён прычыны свайго ўдзелу.

На “школьным” участку старшыня камісіі — юрыст-валанцёр. Сярод яе “падначаленых” айцішнік, настаўнік, адвакат, лекар. Усе папрасіліся самі. І не дзеля грошай. Увогуле, усё проста, празрыста і пакідае ўражанне шчырасці і сумленнасці.

Намесніца кіраўніка выбарчай камісіі федэральнай зямлі Берлін Ульрыке Рокман шмат гадоў працавала назіральнікам БДІПЧ АБСЕ ў розных краінах. У тым ліку і ў Беларусі. Прашу яе даць параду: як арганізаваць выбары і падлік галасоў такім чынам, каб ні ў каго не было падстаў казаць пра нейкія фальсіфікацыі?

Ульрыке Рокман: Я не магу даваць нейкія парады. Разумееце, тое, як праходзяць выбары, залежыць ад самой дзяржаўнай сістэмы, якая пануе ў той ці іншай краіне.

Еўрарадыё: Вы хочаце сказаць, што нават калі ў Беларусі ўнясуць у выбарчае заканадаўства ўсе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, то гэта не гарантуе, што выбары імгненна стануць сумленнымі і празрыстымі?

Ульрыке Рокман: Скажу толькі, што сумленнасць выбараў шмат у чым залежыць ад сумленнасці людзей, якія гэтыя выбары “робяць”.

Дарэчы, на сёлетніх парламенцкіх выбарах у Бундэстаг міжнародных назіральнікаў практычна не было. Калі не лічыць трох экспертаў, якіх сюды накіравала АБСЕ.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі