Выказваем заклапочанасць: Дзярждэп згубіў дарагое віскі, а мы знайшлі Эвэр Гівэн
Коратка пра свет / калаж Еўрарадыё
Дзярждэп страціў дарагое віскі — падарунак японскага ўрада. Уяўляеце: казахскі і арабскі дываны на месцы, а віскі страчанае!
Але гэта не галоўная праблема гэтага дня. Пра праблемы і спосабы іх вырашэння ва ўсім свеце чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
"Эвэр Гівэн" прыбыў у порт. Так, толькі цяпер!
Кантэйнеравоз "Эвэр Гівэн" прыбыў у пункт прызначэння! Так, той самы, які яшчэ ў сакавіку заблакаваў Суэцкі канал. Праз шэсць дзён яго знялі з мелі, і яшчэ праз чатыры месяцы ён дабраўся да брытанскага порта, дзе нарэшце пачалі разгружаць кантэйнеры.
А вы скардзіліся, што ваша пасылка з Кітая доўга ідзе?
Пасля таго як кантэйнеравоз знялі з мелі, яго праблемы толькі пачаліся. Улады Егіпта запатрабавалі велізарную кампенсацыю — больш за 900 млн долараў. У гэтую суму ўваходзіў кошт зняцця з мелі і шкода рэпутацыі.
Страхавая кампанія адмовілася плаціць, пачаліся перамовы, і ў выніку грамадскасці невядома, на якой суме ўдалося дамовіцца. Перамовы доўжыліся так доўга, што садавіна і гародніна ў кантэйнерах іх не перажылі — шмат што давядзецца ўтылізаваць.
На борце кантэйнеравоза прыехалі і два дыназаўры. Гіганцкія фігуры везлі ў брытанскі парк для гольфа Jurassic Links, дзе дыназаўры расстаўленыя побач з лункамі. Напэўна, уладальнікі парку думалі, што за час дарогі дыназаўры паспелі вымерці. Але для іх усё скончылася добра, і іх ужо чакаюць побач з 17-й і 18-й лункамі.
У нас праз вас праблемы
Мексіка падала пазоў у Федэральны суд ЗША супраць 11 амерыканскіх вытворцаў агнястрэльнай зброі, піша CNN.
"Гэта навадненне не ёсць натуральнай з'явай або непазбежным вынікам зброевага бізнесу або законаў ЗША аб зброі. Гэта прадказальны вынік наўмысных дзеянняў і дзелавой практыкі Адказчыкаў", — гаворыцца ў скарзе.
Мексіка просіць пакласці гэтаму канец. У пададзенай скарзе сцвярджаецца, што адказчыкі актыўна садзейнічаюць незаконнаму гандлю іх зброяй і ў выніку яна трапляе ў наркакартэлі і да іншых злачынцаў.
Прычым, гаворыцца ў скарзе, зброя праектуецца такім чынам, каб яе можна было лёгка мадыфікаваць для вядзення аўтаматычнага агню.
З 1999 да 2004 года колькасць забойстваў у Мексіцы памяншалася. А потым рэзка вырасла. На думку пазоўнікаў — "адначасова з павелічэннем вытворчасці, распаўсюджвання і збыту зброі ваеннага класа Адказчыкамі".
ЗША думалі, што гэта ў іх праблемы на мяжы з Мексікай. Цяпер Мексіка запэўнівае: у іх не меншыя праблемы праз ЗША:
"Калі мы не пададзім скаргі такога роду і не выйграем яе, яны не зразумеюць, яны будуць працягваць рабіць тое самае і ў нас у краіне кожны дзень будуць гінуць людзі".
Радыкальная самаізаляцыя
У Аўстраліі — успышка штаму "Дэльта" і каранцін. Які не ўсе хочуць выконваць. Таму ў Сіднэй накіруюць сотні салдат, каб тыя забяспечылі выкананне каранцінных мер. Яны будуць патруляваць вуліцы горада без зброі.
Каранцін дзейнічае да 28 жніўня. Людзям нельга пакідаць свае дамы. Можна хіба што пры вострай неабходнасці — каб схадзіць у краму, напрыклад.
Хтосьці называе такія меры дэспатычнымі. А ў паліцыі кажуць, што некаторыя жыхары горада лічаць, што "правілы іх не датычацца", і спадзяюцца, што хоць такі патруль дапаможа.
Успышка віруса асабліва моцна зачапіла бедныя прыгарады. Ужо можна пачуць папрокі: некаторыя суразмоўцы ВВС кажуць, што абмежаванні тут стражэйшыя, чым у іншых частках горада.
"Нашы людзі — адна з самых бедных дэмаграфічных груп, і яны ўжо адчуваюць сябе абдзеленымі і маргіналізаванымі", — кажа адзін з мясцовых жыхароў. Ён тлумачыць: людзі ўжо не могуць дазволіць сабе аплачваць іпатэку, арэнду, ежу. А цяпер іх будзе кантраляваць яшчэ і армія.
Урад заклікаюць паскорыць вакцынацыю ў найбольш пацярпелых рэгіёнах. Пакуль што ў Аўстраліі вакцынавана ўсяго 17% дарослага насельніцтва.
Дарэчы, ведаеце, як праблему з ізаляцыяй вырашаюць ва Уэльсе? Там паднялі памер выплаты для тых, хто вымушаны адпраўляцца на самаізаляцыю і не можа пры гэтым працаваць з дому. Пачынаючы з гэтых выходных такім людзям належаць 750 фунтаў. Пагадзіцеся, можна пасядзець на каранціне.
Куды мы падзелі тое старое віскі?
Дзярждэпартамент ЗША згубіў бутэльку віскі. Дакладней, страціў яго нехта іншы, а Дзярждэп марна яе шукае. Дзіва што — бутэлька каштуе 5,8 тысячы долараў. Яго ўрад Японіі больш за два гады таму падарыў тагачаснаму дзяржсакратару Майку Пампеа.
Пра прапажу віскі дэпартамент паведаміў у сваёй штогадовай справаздачы аб падарунках, падораных высокапастаўленым службовым асобам ЗША.
Гэтыя падарункі абавязаная адсочваць служба пратаколу. Атрымальнік падарунка можа перадаць яго Нацыянальнаму архіву ці іншай дзяржаўнай установе — або набыць яго для асабістага выкарыстання, пакрыўшы казначэйству поўны кошт.
Вось два дываны — з Казахстана і ААЭ — былі перададзеныя ў Адміністрацыю агульных службаў, тут усё ў парадку. Але ніякіх слядоў віскі Дзярждэп знайсці не можа. І паведамляе: працягвае расследаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.