“Я павінен быць п*дарам?”: як лечаць гомасексуалізм у Польшчы

“Я павінен быць п*дарам?”: як лечаць гомасексуалізм у Польшчы

У Польшчы лечаць гомасексуалізм. Гучыць абсурдна. Нібыта гэта нейкая хвароба, і гомасексуалаў трэба лячыць, як нейкіх наркаманаў ці алкаголікаў. “Газета Выборча” паразмаўляла з некалькімі людзьмі, якія прайшлі так званую тэрапію, дзе іх спрабавалі вылечыць ад гомасексуальнасці абдыманнямі, ласкамі і адмовай ад парнаграфіі. У выніку ў “Выборчай” атрымаўся выдатны рэпартаж пра тое, як дзіўныя асобы займаюцца псеўдатэрапіяй і шкодзяць людзям.

Еўрарадыё пераказвае для вас змест гэтага выдатнага артыкула.

Тэрапія ад гомасексуальнасці

Гісторыя пачынаецца ў 1999 годзе, праз шэсць гадоў мэр Варшавы забароніць Парады роўнасці.

Яцэк з маленькага горада. Калі ён быў падлеткам, бацькі знайшлі ў яго порначасопіс. Бацька праглядзеў увесь, не знайшоў аніводнай жанчыны і раззлаваўся: “Што гэта, бл*, такое? Ты п*дзік?”. Яцэк наведвае дзядулю. Той глядзіць праграму, дзе размаўляюць пра гомасэксуальнасць: "Я быў апазіцыянерам, змагаўся з антысемітызмам, але такіх бы я страляў". Яцэк таксама хоча страляць. Толькі ў сябе.

Калі ён быў падлеткам, то не ведаў ніводнага гея, і гэта яго прыгнятала: “Праз гады я даведаюся, што толькі ў маім доме былі яшчэ двое. Але тады я быў упэўнены, што мяне чакае адзінота. Я схлусіў бацькам, што часопіс быў не мой. І вырашыў, што не буду геем”.

Яцэк любіў "забаўляцца", заўсёды меў поспех сярод дзяўчат. Хадзіў на спатканні. Але калі тыя патрабавалі сексу, казаў, што чакае да вяселля. Неяк падчас споведзі духоўнік распавёў яму пра люблінскую "Мужнасць": "Яны табе дапамогуць, сынок".

Люблінская “Мужнасць" — арганізацыя, якая "прапануе людзям з непажаданымі гомасексуальнымі схільнасцямі і іх сем'ям тэрапеўтычную і духоўную дапамогу". Але там месцаў ужо няма.

На адным з каталіцкіх форумаў святар распавядае Яцэку пра Радамскае таварыства "Дапамога 2002". Яго заснавальнік — Міраслаў Хмара. Ён кажа, што да яго звярнулася ўжо 5000 “братоў”.

Міраслаў рэкамендуе кнігу Джэрарда ван дэр Ардвега "Гомасексуалізм і надзея". З яе Яцэк даведваецца, што "гомасексуалізм" —  гэта від неўрозу, і тыя, хто "ў стане вызваліцца ад кайданоў гэтых схільнасцяў, для іншых становяцца прыкладам сілы і няздзейсненых надзей".

“Я павінен быць п*дарам?”: як лечаць гомасексуалізм у Польшчы
Парад роўнасці ў Варшаве / Reuters

Не оргія, а метад лячэння, а мастурбацыя — эгаізм

Першыя сустрэча “Дапамогі 2002” у чэнстахоўскім доме пілігрыма. Акрамя Яцэка яшчэ сорак мужчын. Самаму маладому ўдзельніку 16 гадоў, самаму старому — 50. Міраслаў Хмара, крыху лысаваты ў свае сорак гадоў і з досведам працы ў духоўнай семінарыі, кажа, што "вылечыўся" ў ЗША.

На сустрэчы адбываюцца агульныя малітвы і лекцыі пра мужнасць. Тут Яцэк даведваецца аб праблеме мастурбацыі. Мастурбацыя — гэта эгаізм. Акт, які абражае Бога. Цяжкі грэх. Іншыя наступствы — дысфункцыя эрэкцыі. Аднак найбольш відавочны негатыўны эфект мастурбацыі — залежнасць. Таму, калі гэта здарылася, то трэба распавесці. У прыватнасці, калі, як і дзе.

Калі ў першы дзень заканчваюцца заняткі і яны спускаюцца у пакой, дзе будуць спаць, Яцэк бачыць памяшканне поўнае матрацаў і двух хлопчыкаў, якія паўлежачы прытуліліся адзін да аднаго.

— Оргія?!

— Ты што, метад лячэння — прытульванне.

У першую ноч Яцэк адмаўляецца. У другую ўжо не пярэчыць абдымкам.

“Прытульванне” прыдумаў амерыканскі псіхатэрапеўт Рычард Коэн, які таксама калісьці "вылечыўся". У сваёй кнізе "Выйсці на просты шлях" ён піша, што абдымкі мусяць выглядаць наступным чынам: выхавальнік (з моцнай гетэрасексуальнай арыентацыяй) сядзіць і трымае ў абдымках падапечнага.

Хмара лічыў, што адчуванне голаду да іншага мужчыны — гэта “спроба запоўніць пустату і боль, якія з’явіліся праз адсутнасць бацькі”. “Трэба задаволіць гэты дэфіцыт, і схільнасць знікне", — навучае ён.

"Я думаў, што пахвіна у мяне выбухне ад гэтых абдымкаў, — успамінае Яцэк. — У сне таксама прыціскаюцца. У ролі выхавальнікаў былі ксяндзы. Геі".

У адпаведнасці з рэкамендацыямі, Яцэк не глядзеў тэлевізар, порна, фільмы, не наведваў клубы, не атрымліваў інфармацыю, якая магла б падсоўваць дрэнныя думкі. Ён жыў як манах і чакаў наступнай духоўнай сустрэчы. Хлопец выйграў дзесяць медалёў у бегу, вывучыўся на другую спецыяльнасць ва ўніверсітэце, маліўся без перапынку.

Яцэк вытрымаў амаль паўтара года.

“Я павінен быць п*дарам?”: як лечаць гомасексуалізм у Польшчы
Парад роўнасці ў Варшаве / Reuters

Група “Пасха”

Доктарка псіхалогіі з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Агнешка Козак і айцец Віктар Такарскі з кляштара бернардзінцаў, якія дагэтуль супрацоўнічалі з Хмарай, засноўваюць групу “Пасха”. Для “людзей, якія адчуваюць непажаданыя гомасексуальныя пачуцці”. Першапачаткова працуюць ў некалькіх гарадах. Цяпер існуюць у Варшаве, Кракаве, Уроцлаве.

Пасля таго, як рэпарцёр “Выборчай” Павел Рэшка, схадзіўшы на іх тэрапію, напіша пра артыкул, Такарскі сыдзе з групы “Пасха”. Потым ён адмовіцца ад сану. Цяпер гэта худы 43-гадовы коўч у скураной куртцы: “Сёння я ведаю, што такое лячэнне не працуе, для многіх можа быць небяспечным. Калі чалавек сам сябе не прыме, потым усё жыццё ў дылеме”.

27-гадовы Давід далучаецца да групы “Пасха” у 2010 годзе ва Уроцлаве і знаходзіцца там пяць гадоў. Давід не хоча быць геем, таму што для гомасексуалаў няма месца ў Касцёле. Праз сексуальнае жыццё з мужчынам не патрапіш у Валадарства Божае:

“Я павінен быць п*дарам? Кімсьці хворым? “Гэта мярзота” — кажа Біблія”, — распавядае Давід.

Штомесяц адбываюцца сустрэчы ў выхадныя дні ў хостэлах, падчас якіх малітвы на чале са святаром, размовы пра поспехі і няўдачы (мастурбацыі), футбол ці барацьба ("адсутнасць увагі да цела з'яўляецца адной з асноўных прычын гомасексуальных пачуццяў"). Два разы на год агульнапольскія з'езды. І ніхто тут не прытуляе.

Перад тым, як прыйсці ў групу, ты павінен зрабіць тэст на ВІЧ, таксама бралі абавязак захоўваць сакрэты “Пасхі” і абарваць кантакты з гей-супольнасцю. Патрабавалі адмовіцца ад сродкаў масавай інфармацыі, выдаліць профілі на сайтах знаёмстваў. Тэксты можна чытаць толькі тыя, што адпавядаюць навуцы Касцёла.

На сустрэчы запрашаюць “пасховічаў” са стажам. Тыя распавядаюць, што ў іх ўжо ёсць жонкі. Распавядалі, як спраўляюцца з “дрэннымі” думкамі: “Што раблю, калі паўстаюць дрэнныя думкі? Збіраюся на прабежку і малюся”. Давід верыў, што ў яго таксама атрымаецца.

Усе з групы Давіда праходзілі тэрапію. Тэрапеўты належаць да хрысціянскай асацыяцыі псіхолагаў. Першая тэрапеўтка казала Давіду: "Пачнеш думаць пра мастурбацыю, ідзі ў душ. Хадзі нават тры разы на дзень”. Не працуе. Давід просіць у братоў іншы кантакт. Другая рэкамендуе, каб у такой сітуацыі дасылаў ёй смс. Ён напісаў. Адказ: "Сфакусуйся цяпер на маёй асобе". Трэці тэрапеўт — мужчына, які ніколі не лячыў ад гомасексуальнасці.

Доктарка Агнешка Козак таксама цяпер працуе коўчам, навучае менеджараў, пра “Пасху” не ўспамінае. Яна дагэтуль лічыць, што выздараўленне ад гомасексуальных схільнасцяў магчымае: “Але гэта вымагае праходжання праз цяжкі шлях, каб пабудаваць нанова сваю мужчынскую ідэнтычнасць. Гэты шлях патрабуе радыкальнага разрыву з папярэднімі звычкамі, неабходнасцю пераадолець характэрны для гэтага асяроддзя эгаізм і самалюбаванне”.

“Я павінен быць п*дарам?”: як лечаць гомасексуалізм у Польшчы
Парад роўнасці ў Варшаве / Reuters

А што сёння?

“Пасха” дагэтуль існуе. Журналіст “Выборчай” адпраўляе па электронай пошце ліст ад імя студэнта Міхала, які нібыта даведаўся пра групу ад духоўнага пастыра. Паскардзіўся на праблему з мастурбацыяй і прызнаўся ў гомасексуальнасці. І атрымаў адказ ад лідара варшаўскай групы “Пасха”. Той прапануе ўзяць удзел у сустрэчы ў сярэдзіне сакавіка.

Дагэтуль дзейнічае Міраслаў Хмара. Той прапануе тэлефонныя размовы ў любы дзень. Кожную сераду яго група размаўляе па Skype, у іх таксама ёсць закрыты форум. Цяпер група складаецца з пары чалавек з усёй Польшчы.

Я ў шлюбе з мужчынам

У выніку Яцэк пайшоў на нармальную тэрапію. Пасля двух гадоў напісаў хлопцу, з якім пазнаёміўся ў “Дапамозе 2002”. Яны хацелі быць разам. З дапамогай тэрапіі Яцэк змог прыняць сябе толькі праз тры гады. Бацькі таксама яго прынялі. Цяпер ён знаходзіцца ў шчаслівым саюзе. Яцэк распавядае, што тыя, хто выйшаў з групы і сцвярджаў, што яны ўжо гетэра, сустракаліся яму на парталах для геяў.

Яцэк разарваў з Касцёлам, як і іншыя героі тэксту.

Францішак думаў, што ўжо здаровы, і выйшаў з групы. Аказалася, што змены былі вынікам дакучлівага кантролю. Калі ён сышоў, то не мог спаць, пазбягаў людзей: “Я пайшоў туды, бо шукаў дапамогі, а выйшаў з вялікім пачуццём віны. Цяжар адчуваю да сённяшніх дзён, але самае цяжкае было змірыцца з тым, што не буду мець дзяцей. Бацькі? Яны не падтрымліваюць кантакт са мной. Цяпер я ў шлюбе з мужчынам і жыву ў Эдынбургу”.

Давід з “Пасхі” пакінуў групу праз пяць гадоў. На развітанне яму сказалі: “Вернешся, калі прыйдзеш да Бога”. Яго бацькі жывуць у вёсцы і просяць, каб ён не афішаваў, што ён гей.  На святы жадаюць яму выздараўлення. Ён тлумачыў ім, што не хворы, але яны ў адказ купілі яму кнігу з абмеркаваннем розных даследаванняў. Адно з іх звязвае "гомасексуалізм" з педафіліяй. Іх адносіны складваюцца з таго, што яны не абмяркоўваюць гэтую тэму. Давід шкадуе, што дзевяць гадоў таму ніхто не пахлопаў яго па плячы і не сказаў: “Чувак, ды ўсё з табой ў парадку. Давайце пагаворым”.

 

“Я павінен быць п*дарам?”: як лечаць гомасексуалізм у Польшчы
Парад роўнасці ў Варшаве / Reuters

Небяспека “карэкцыйных” тэрапій

Доктар Роберт Кавальчык, сексолаг ў Варшаўскім медыцынскім ўніверсітэце, лічыць, што з пункту гледжання сучаснай навукі, сцвярджэнне, што можна змяніць кірунак сексуальнай цягі, неэтычнае і шкоднае:

“Схільнасць можа толькі паменшыць або спыніць кантакты. Будучы геем, можна вырашыць, што будуць адносіны з жанчынай. “Карэкцыйныя” тэрапіі паглыбляюць адсутнасць самапрыняцця, а гэты выклікае і ўзмацняе дэпрэсію, якая у сваю чаргу можа прывесці да спроб самагубства. Такія практыкі павінны быць забароненыя ў Польшчы”.

Законапраект аб забароне такога роду “тэрапіі” 20 лютага ў Сейм падала апазіцыйная партыя Nowoczesna ў супрацоўніцтве з Кампаніяй супраць гамафобіі. Яны прапануюць штраф: не менш за тысячу злотых за рэкламу, прапанову і ўжыванне тэрапіі. Дзве тысячы злотых, калі тэрапію прымяняе прафесіянал — урач ці псіхатэрапеўт. Праект да гэтага часу замоўчваецца.

Доктар Роберт Кавальчык лічыць, што той, хто ўдзельнічае ў такой тэрапіі, часта мае схаваную гамафобію: “Яны самі маюць пэўную прадузятасць ў дачыненні да інакшасці, бо так былі выхаваныя Касцёлам, бацькамі ці гамафобнай культурай. Ад іх чакаецца, што яны зменяцца ці будуць жыць у цені. Ці ведаеце такую арганізацыю Exodus International? Гэта хрысціянская арганізацыя, якая з’явілася ў 1976 годзе. Яе стваральнікі заявілі, што можна змяніць сексуальную арыентацыю, і прапанавалі геям і лесбіянкам сваю дапамогу. Гэтая арганізацыя мела 120 філіялаў у ЗША і 150 у свеце”.

У чэрвені 2013 года рада арганізацыі Exodus International прынесла свае прабачэнні геям і лесбіянкам.

“З пэўнага часу мы былі нявольнікамі мыслення, якое не выказвае павагу іншаму чалавеку, як зрэшты не адпавядае і Бібліі, — тлумачыць кіраўнік хрысціянскай арганізацыі Exodus International Алан  Чамберз. — Просім прабачэння за боль, які мы нанеслі, а таксама за сорам і пачуцце віны, якую людзі адчувалі на працягу многіх гадоў падчас спробы змены арыентацыі”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі