Як Асацыяцыя з ЕС адаб’ецца на эканоміцы Украіны?

Эканамічную частку Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС падпісаў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 27 чэрвеня ў Бруселі. Паводле падлікаў Еўракамісіі, у выніку рэалізацыі пагаднення паступленні ў бюджэт Украіны ад імпартных пошлін павялічацца на 1,2 мільярда еўра, а экспарт украінскіх тавараў у ЕС павялічыцца на 1 мільярд у год.

Не ўсё так проста, папярэджвае расійскі бок і пагражае Украіне эканамічнымі непрыемнасцямі.

“Як толькі пачнецца рэалізацыя падпісанага пагаднення, можа пайсці размова пра нейкія абарончыя меры”, — заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Ці сапраўды Расія здольная прыняць такі “пакет абарончых мераў”, які можа моцна нашкодзіць украінскай эканоміцы? Да прыкладу, адмяніць нейкія дзейныя льготы, увесці санкцыі і гэтак далей?

Па словах вядомага ўкраінскага эксперта і бізнесмена Карла Волаха, калі падыходзіць да пытання аб’ектыўна, то ніякай небяспекі для эканомікі Расіі ў падпісанні Украінай “эканамічнага пагаднення з ЕС” няма. Гэта не больш чым выхад на новыя рынкі. І ў якасці прыкладу кажа пра Ізраіль, які мае падпісанае Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС і плануе такое ж пагадненне падпісаць з Мытным саюзам. Таму, упэўнены Карл Волах, у Расіі няма патрэбы ў нейкіх абарончых мерах.

Карл Волах: “Але ў мяне няма ніякіх сумневаў, што Расія, якая з’яўляецца галоўным гульцом у саюзах краін былога СССР, будзе лабіраваць адмену ўсіх ільгот ці ўзаемных абавязанняў, каб нашкодзіць. Гэта пытанне чыстай палітыкі: “Ах, не захацеў з намі, то я цябе і на рынкі свае не пушчу!”

                                         Карл Волах

З тым, што рэакцыя Расіі ў дадзеным выпадку палітычная, а не эканамічная, згодны эканаміст Аляксандр Пасхавер.

Аляксандр Пасхавер: “Ільготы, якія паміж нашымі краінамі ёсць, узаемныя. Расія можа, натуральна, ад іх адмовіцца, але гэта будзе палітычная рэакцыя на падпісанне гэтага пагаднення. Гэтае эканамічнае пагадненне выклікае палітычную рэакцыю Расіі, а не эканамічную”.

Хай рэакцыя Расіі палітычная, але як гэта эканамічна адаб’ецца на Украіне? Па словах Карла Волаха, вайна ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і так дрэнна адбіваецца на эканоміцы, а калі сюды дадасца страта расійскага, беларускага, казахскага ды яшчэ некаторых рынкаў, то добрага ў гэтым мала. Але кампенсацыяй можа стаць “беспадаткавы” выхад на еўрапейскі рынак.

Карл Волах: “Выхад гэты можа даць вялізную карысць, але ў будучыні. А трэба, каб гэта адбылося заўтра. Гэты момант ёсць, ён няпросты, гэта такое выпрабаванне для ўкраінскага ўраду”.

“Запалохванні насельніцтва, што мы страцім на гэтым (падпісанні эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі з ЕС — Еўрарадыё), грунтуецца на тым, што адносіны з Расіяй не патрабуюць дадатковых капіталаўкладанняў. Мы можам без іх прадаваць там неканкурэнтаздольную ў іншых месцах прадукцыю. Заваяванне еўрапейскага рынка патрабуе значных інвестыцый для таго, каб павялічыць якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Але з якіх часоў укладанні ў павышэнне якасці прадукцыі з’яўляюцца стратамі? Тут падмена сэнсу”, — дадае Аляксандр Пасхавер.

                        Аляксандр Пасхавер

Як паказвае досвед іншых краін, страта расійскага рынка — не катастрофа, суцяшае Карл Волах. І прыгадвае Грузію, яе віны і ваду, якім Расія закрыла доступ на свае рынкі.

Карл Волах: “Нічога, пераарыентаваліся на еўрапейскі, украінскі рынак, іншыя рынкі, выйшлі з таго становішча. Сёння, пасля таго як гэтыя эмбарга знялі, Расію больш непакоіць, ці вернецца на паліцы “Баржомі”. Яны знайшлі дастаткова іншых рынкаў, каб не турбавацца наконт палітычнай волі і добрых адносінаў Пуціна”.

Таксама эксперты раяць не звяртаць увагі на пагрозы, што нібыта Украіна страціць 30 мільярдаў долараў праз “уварванне” на яе рынак еўрапейскіх тавараў. Кажуць, адбывацца гэта будзе паступова і з рознымі “кансультацыямі”. А вось долар, супакойвае Карл Волах, наадварот, будзе “падаць”, як толькі падпісанае Пятром Парашэнкам пачне рэалізоўвацца. Тым не менш…

Карл Волах: “Трэба пачынаць. Нават пры тым, што пэўныя праблемы будуць. Можа, нават не год і не два. Часам для таго каб сур’ёзна стартануць, можа быць, на пэўны час трэба будзе пайсці і на нязначнае пагаршэнне”.

Фота: з архіва Карла Волаха, Аляксандра Пасхавера, www.day.kiev.ua,

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі