Як атрымаць шэнгенскую або нацыянальную візу? (параўнальная табліца)

У краіны Шэнгену можна не патрапіць, калі ў вас праблемы з беларускай падатковай. А яшчэ Еўрарадыё высветліла, што, каб атрымаць шэнгенскую візу, беларусу давядзецца сабраць каля 10 розных даведак. У Шэнгенскую зону ўступаюць апроч іншых Літва, Чэхія, Славакія і Польшча. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці захаваюць гэтыя краіны нацыянальныя візы для беларусаў і што неабходна, каб атрымаць шэнгенскую візу.

Ужо 21 снежня можна падаць дакументы на атрыманне шэнгенскай візы ў любую з амбасадаў гэтых краін. Усюды тэрмін выдачы віз прыкладна аднолькавы — да 10 дзён.

Аднолькавыя таксама і ўмовы. Для таго каб атрымаць шэнгенскую візу, вам давядзецца запоўніць анкету, прынесці фотаздымкі, адксеракапіраваць пашпарт, прадаставіць арыгінал запрашэння, а таксама падаць даведку з месца працы з указаннем пасады і заробку за апошнія 6 месяцаў, а таксама пацвярджэнне з працы, што вас не звольняць да прыезду назад.

Акрамя таго, вам давядзецца паказаць працоўную кніжку і пакінуць у амбасадзе яе ксеракопію. Адна з галоўных умоў атрымання шэнгенскай візы — даказаць у амбасадзе, што ў вас ёсць грошы. У вас папросяць выпіску з банкаўскага рахунку, які пацвярджае пастаянны заробак за апошнія 6 месяцаў і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць фінансавую і матэрыяльную плацежаздольнасць. Напрыклад, дакументы на кватэру, машыну і г.д.

Калі вы студэнт, то вам давядзецца несці працоўныя кніжкі бацькоў і выпіску аб іх заробку. А калі вы індывідуальны прадпрымальнік, то ў дадатак да ўсяго ў вас папросяць даведку з падатковай, што ў вас няма запазычанасці.

Калі ўсе дакументы ў парадку, то вы можаце атрымаць шэнгенскую візу на паўгода з магчымасцю знаходзіцца ў краінах Шэнгена 90 дзён. Пры гэтым шматразовая яна або аднаразовая будзе залежаць ад пададзеных дакументаў. Кошт аднолькавы — 60 еўра.

Калі вы жадаеце вандраваць па розных краінах Шэнгенскай дамовы, то візу трэба атрымліваць у консульстве той дзяржавы, якую вы будзеце наведваць першай. Пры гэтым дакументы неабходна падаваць асабіста. Турыстычная фірма тут не дапаможа.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла супрацоўніца консульскага аддзела амбасады Славакіі ў Беларусі.

“Маючы аднакратную візу, якую вы атрымліваеце ў амбасадзе любой краіны Шэнгенскай зоны, вы можаце вандраваць па астатніх краінах. Напрыклад, вы атрымалі аднаразовую візу ў літоўскім консульстве на 10 дзён.

Вы можаце пабыць некалькі дзён у Літве, а потым спакойна ехаць у Славакію. Усё гэта ў межах 10 дзён. Такім чынам, чалавек, які жадае атрымаць шэнгенскую візу і вандраваць па ўсёй Еўропе, павінен звяртацца ў амбасаду той краіны, якую ён будзе наведваць першай”.

Як высветліла Еўрарадыё, Польшча, Чэхія і Славакія пакінулі для беларусаў гадавыя нацыянальныя візы. Іх будуць выдаваць у выпадку, калі вы вучыцеся ў гэтых краінах або супрацоўнічаеце з тамтэйшымі прадпрыемствамі ці арганізацыямі.

Кошт такіх віз кожная краіна вызначае сама: у Польшчы — 35 еўра, у Чэхіі — 76 еўра, у Славакіі — каля 150 еўра. А вось Літва падобную ініцыятыву не падтрымала. Там нацыянальныя візы амаль не будуць выдавацца. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас.

“Ва ўсіх выпадках будзе шэнгенская віза. Нацыянальная віза — гэта вельмі вузкі, маленькі і спецыфічны адсотак — не больш за 0,5% выпадкаў. Гэта няшчасці, трагедыі… Консульскія службоўцы будуць прымаць асобнае рашэнне па кожным такім выпадку. Нацыянальная віза не тычыцца ні турыстаў, ні каго-небудзь іншага”.

Умовы выдачы ў віз у Літву, Польшчу, Славакію і Чэхію

Краіна Шэнгенская віза: аднаразовая/
шматразовая
Колькі чакаць пасля падачы дакументаў Нацыянальная
віза
Умова атрымання нацыянальнай візы
Літва
60/60 еўра
7-8 дзён
Залежыць ад рашэння консула
смерць ці хвароба сваяка, які пражывае або часова знаходзіўся ў Літве
Польшча 60/60 еўра да 10 дзён 35 еўра на год
Навучанне, праца, бізнэс-кантакты
Славакія 60/60 еўра 10-30 дзён Каля 150 еўра на год
Навучанне, бізнэс-кантакты
Чэхія 60/60 еўра да 10 дзён 76 еўра на год
Навучанне, праца, бізнэс-кантакты

Пры гэтым ніякіх зніжак на атрыманне шэнгенскіх віз не прадугледжана. Нават пенсіянеры і дзеці мусяць заплаціць 60 еўра.


Падрабязны спіс дакументаў на атрыманне шэнгенскай візы.

1. Запоўнены бланк анкеты “Заява аб выдачы візы”. Анкета як запаўняецца, так і падпісваецца асабіста заяўнікам (замест малалетніх ці фізічна няздольнай асобы — адказная асоба ці апякун); анкету запаўняюць друкаванымі лацінскімі літарамі (не на камп’ютары!!!) фанетычнай транскрыпцыяй беларускай ці рускай мовы (магчыма, па-англійску або на мове той краіны, у амбасаду якой вы звярнуліся).
2. Два аднолькавыя каляровыя фотаздымкі твару памерам 3,5х4,5 см. Пры гэтым адзін фотаздымак вам вернуць пазней.
3. Пашпарт (тэрмін яго дзеяння павінен быць не менш за 3 месяцы з дня заканчэння тэрміну дзеяння выдадзенай візы, у пашпарце павінна быць як мінімум адна свабодная старонка з надпісам візы/визы/visas).
4. Ксеракопія апошніх старонак пашпарта (стар. 30, 31, 32, 33).
5. Пацвярджэнне мэты паездкі:

Для дзелавых паездак: арыгінал і ксеракопія запрашэння на фірменным бланку, выдадзенае гандлёвым партнёрам ці арганізацыяй, пры падачы заявы на візу са шматразовым уездам — арыгінал і копія дамовы ці кантракту аб супрацоўніцтве з прадпрыемствам/арганізацыяй у краіне Шэнгенскай дамовы. Запрашэнне мусіць змяшчаць дакладную мэту прыбывання і падрабязную інфармацыю пра месца жыхарства запрошанай асобы (назва гатэля,тэлефон), а таксама інфармацыю аб тым, хто фінансуе паездку. Факсавыя копіі запрашэнняў да разгляду не прымаюцца.


Арганізаваны / індывідуальны турызм: ваўчар турыстычнай кампаніі з пацвярджэннем аплаты паслуг краіне (пражыванне, харчаванне) ці факсавае / па электроннай пошце браніраванне гатэлю ў краіне з інфармацыяй аб аплаце паслуг.

Гасцявыя паездкі: арыгінал запрашэння і яго ксеракопія ад асобы, якая запрашае, з натарыяльна засведчаным подпісам асобы, якая запрашае. Запрашэнне павінна змяшчаць інфармацыю аб мэце візіту, месцы пражывання запрошанай асобы (адрас, тэлефон), а таксама звесткі аб тым, хто фінансуе паездку ці дадатковыя выдаткі, звязаныя з паездкай заяўніка на атрыманне візы.

Міжнародныя мерапрыемствы (спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, навуковыя сімпозіумы, канферэнцыі ды інш.): арыгінал і ксеракопія запрашэння, выдадзенае арганізатарам мерапрыемства, а таксама ліст арганізацыі, якая адпраўляе супрацоўніка і просіць выдаць яму візу (нота міністэрства, ліст спартыўнай асацыяцыі і г.д.)

Паездкі з іншай мэтай: дакумент, які пацвярджае мэту паездкі і знаходжанне ў краіне Шэнгену.

6. Даведка з месца працы з указаннем пасады і заробку за апошнія 6 месяцаў, а таксам пацвярджэнне працадаўцам адпачынку заяўніка з захаваннем месца працы.

7. Арыгінал і ксеракопія працоўнай кніжкі.

8. Пацвярджэнне плацежаздольнасці заяўніка.

Выпіска з банкаўскага рахунку, які пацвярджае пастаянны заробак за перыяд апошніх 6 месяцаў, крэдытная картка і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць фінансавую і матэрыяльную плацежаздольнасць заяўніка (валоданне кватэрай, машынай і г.д.)

9. Міжнародны поліс медыцынскага страхавання павінен дзейнічаць на тэрыторыі краін-членаў Шэнгену з мінімальнай сумай страхавання 30 тысяч еўра.

10. Транспартнае забеспячэнне паездкі:

Зваротны білет з фіксаванай датай паездкі.

Асабісты аўтатранспарт — арыгінал і ксеракопія пасведчання кіроўцы і тэхнічнага пашпарта, страхоўкі аўтатранспарту (“зялёная карта”).

11. Праезд турыстычным аўтобусам — арыгінал і ксеракопія дамовы на аказанне транспартных паслуг.

Асобныя выпадкі:

У выпадку адзначаных катэгорый грамадзянаў неабходна дадаць наступныя дакументы:

Непаўналетнія: падаць у пісьмовай форме натарыяльна завераную згоду ад аднаго з бацькоў (або абодвух), які не ўдзельнічае ў паездцы, або апекуна. У згодзе ўказваецца дакладная дата і мэта знаходжання за мяжой, прозвішча. Імя і імя па бацьку ўпаўнаважанай асобы, якая суправаджае непаўналетняга. Патрэбны таксама арыгінал і ксеракопія пасведчання аб нараджэнні і копіі пашпартоў абодвух бацькоў (асабістая прысутнасць аднаго з бацькоў пры падачы дакументаў з’яўляецца абавязковай!)

Студэнты і навучэнцы: даведка з навучальнай установы з пацвярджэннем, што вы сапраўды навучаецеся ў гэтай установе, копіі працоўных кніжак бацькоў, якія забяспечваюць паездку, а таксама даведка з месца іх працы (з указаннем пасады і заробку за апошнія 6 месяцаў); копія пасведчання аб нараджэнні; у выпадку завочнага навучання — неабходна падаць дакументы ад працадаўцы.

Хатнія гаспадыні: даведка з апошняга месца працы з інфармацыяй аб заробку за апошнія 6 месяцаў і былой пасадзе, копія працоўнай кніжкі мужа або асобы, якая аплачвае прыбыванне ў краіне Шэнгенскай дамовы, а таксама арыгінал і копія пасведчання аб шлюбе.

Беспрацоўныя: даведка з апошняга месца працы з інфармацыяй аб заробку за апошнія 6 месяцаў і пасадзе, якая займалася. Арыгінал і ксеракопія працоўнай кніжкі асобы, якая аплачвае знаходжанне Шэнгенскай дамовы.

Пенсіянеры: даведка аб атрыманні пенсіі за апошнія 3 месяцы, арыгінал і ксеракопія пенсійнага пасведчання.

Індывідуальныя прадпрымальнікі: арыгінал і ксеракопія пасведчання аб рэгістрацыі, даведка аб прыбытках за апошнія 6 месяцаў, выпіска з рахунку ў банку, даведка аб тым, што няма запазычанасці па падатках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі