Як гандляры "арыштавалі" 367 медыкаў, каб прадаваць панты алтайскага марала
13 чэрвеня на сайце med-by.info з’яўляецца шакавальны артыкул пра тое, як беларускія рэўматолагі 12 гадоў падманвалі сваіх пацыентаў. Калі верыць выкладзеным фактам, арыштаваныя 367 медыкаў і медычных чыноўнікаў, якія прызначалі людзям з хворымі суставамі неэфектыўныя дарагія лекі. Ахвярамі махляроў стаў… 1 млн пацыентаў.
Тут жа змешчаны доўгі спіс "неэфектыўных" лекаў, а крыху далей — інфармацыя пра цудадзейны прэпарат "Артравекс", які медычнае лобі быццам не пускае ў беларускія аптэкі.
Уся гэтая гісторыя — фэйк
Інфармацыя пра затрыманне трох сотняў медыкаў абавязкова прыцягнула б увагу СМІ, але ў краіне пра гэта цішыня. Рэўматолаг — даволі вузкі спецыяліст, у Беларусі іх увогуле каля 100 чалавек, а зусім не тры сотні. Прэпараты, якія ў артыкуле называюцца малаэфектыўнымі, прайшлі рэгістрацыю ў беларускім рэестры лекавых сродкаў, а адным з крытэраў для яе з’яўляецца якраз эфектыўнасць. А вось "Артравекс" у рэестры не знаходзіцца…
"Вядучага рэўматолага краіны, намесніка дырэктара Інстытута сучаснай рэўматалогіі Беларусі, прафесара Дзянісава Станіслава Канстанцінавіча", які ў артыкуле выступае як адзіны сумленны доктар-праўдаруб, папросту не існуе. Як не існуе і Інстытута сучаснай рэўматалогіі. Але калі Еўрарадыё шукала "прафесара Дзянісава" па фота, мы неспадзявана знайшлі аналагічныя фэйкавыя артыкулы на расійскіх і ўкраінскіх сайтах.
Яны напісаныя нібыта пад капірку: усюды вядзецца пра падман пацыентаў, пра затрыманне 367 медыкаў — расійскіх і ўкраінскіх. Фота "прафесара Дзянісава" там тое самае, але пасады іншыя. І яшчэ адна дэталь: ва Украіне прэпаратам ад усіх хваробаў, звязаных з суставамі, называецца "Natural Walnut Oil", а ў Расіі — "Пантагор".
Панты алтайскага марала і палітычны аналітык з Эстоніі
Чытаючы артыкул, далёка не кожны карыстальнік інтэрнэту зразумее, што перад ім прыклад нядобрасумленнай рэкламы. Хваробы суставаў уласцівыя людзям сталага веку, якім увогуле складана адрозніць інтэрнэт-фэйк ад праўды. Але для чаго гэта ўсё?
Пераходзім на сайт "Артравекса". "Унікальныя панты алтайскага марала вернуць вас да паўнавартаснага жыцця за лічаныя хвіліны!" — адразу абнадзейваюць там. А мы думалі, што людзі, якія гандлююць жамерынамі з плаўнікоў акулы, вымерлі ў канцы 90-х. А не — вось яны, тут як тут! У правым куце сайта цікае лічыльнік: на тое, каб набыць "Артравекс" з шалёнай зніжкай у 58 рубель, засталося ўсяго 13 гадзін!
Інфармацыі пра імпарцёра на старонцы, натуральна, не знаходзіцца, як і іншых кантактных дадзеных гандляроў "Артравексам". Затое ёсць "Васільеў Анатоль Дзмітрыевіч, незалежны эксперт", які распавядае пра эфектыўнасць сродку. Але насамрэч на фота — эстонскі палітычны аглядальнік Айвар Вог.
Каб замовіць прэпарат, трэба пакінуць на сайце свой нумар тэлефона. Што мы і робім.
Як "Крысціна з кампаніі Shoponline" угаворвала нас набыць "Артравекс"
Праз 15 хвілінаў нам тэлефануе прадавец. Дзяўчына з голасам робата прадстаўляецца Крысцінай з кампаніі Shoponline. Пачынае з пытанняў:
— Што вас непакоіць? Спіна, суставы, мышцы, лапатка?
— Спіна.
— Якога характару болі? Цягнуць, скоўваюць, з прастрэламі?
— З прастрэламі.
— Раней вы звярталіся да дактароў? Яны прызначалі вам прэпараты? Вы можаце больш падрабязна распавесці пра свае вынікі?
— Лячылася. Не дапамагло...
— Хачу звярнуць вашу ўвагу, што "Артравекс" — правільны выбар. Гэта эфектыўны сродак, што шматкроць пацверджана нашымі кліентамі. Гэта рэвалюцыйны прэпарат камбінаваннага дзеяння…
Але тут Еўрарадыё пераходзіць у контратаку:
— Чакайце. Ці зарэгістраваны прэпарат у Беларусі, ці ёсць у вас ліцэнзія на яго продаж? — пытаемся мы.
— Кампанія працуе з "Артравексам" з 2005 года. У нас назапашана дастаткова статыстычных дадзеных пра вынікі лячэння. То бок вам вышлюць копію сертыфікату якасці разам з пасылкай. Там будзе пацверджанне, што тавар сертыфікаваны, ён прайшоў клінічныя выпрабаванні і праверку якасці.
— Клінічныя выпрабаванні адбываліся ў Беларусі? — не здаемся мы.
— У Расіі. Вядома, у Расіі. Ён вырабляўся ў Расіі і дастаўляюць яго таксама з Расіі. Поштай.
— Але ў артыкуле напісана, што прэпарат распрацаваны ў беларускім НДІ рэўматалогіі!
— Вядома. Вырабляецца расійскімі вучонымі і ў Расіі, і ў краінах СНД. І нават у Беларусі, — не губляецца "Крысціна". — То бок вытворчасць расійская... Вы атрымаеце сертыфікат якасці, ён прайшоў 12% кантрольных мерапрыемстваў... Улічваючы, што вы 5 гадоў лячылі спіну і вам не дапамагло, вам ідэальна дапаможа базавы курс з дзвюх упаковак. Адну упакоўку вы аплачваеце, і кампанія прапануе вам набыць другую ўпакоўку за 7 рублёў.
— А колькі каштуе першая ўпакоўка?
— 70 рублёў.
Ого!
— Дык на сайце напісана, што гэта са зніжкай 7 рублёў. А спачатку было 58, — пачынаем гандлявацца мы.
— Гэта -58 рублёў за дзве упакоўкі, — гне сваю лінію прадстаўніца "кампаніі Shoponline". — А ўвогуле пры вашай сітуацыі варта ўзяць чатыры ўпакоўкі. Вы эканоміце 127 рублёў.
— Трэба падумаць... Слухайце, а сапраўды больш за 300 медыкаў пасадзілі за няправільнае прызначэнне прэпаратаў?
— (Маўчанне) Справа ў тым, што кампанія прапануе магчымасць... Вы маеце на ўвазе пра дактароў?
— Дактароў пасадзілі, бо яны няправільна лячылі?
— Няправільна лячылі. І як прыклад прыведзеныя неэфектыўныя прэпараты. Таму пры вашых болях у спіне адной упакоўкі дакладна будзе недастаткова...
"Крысціна з кампаніі Shoponline" была вельмі пераканаўчай, але мы ўсё ж адмовіліся ад "эканоміі ў 127 рублёў". Падумайце, ці хапіла б на гэта сілаў у вас ці вашых сваякоў і ці раскусілі б вы фэйк, калі б сапраўды шукалі лекі для хворай спіны…
"Калі нейкі дзядзька прывозіць лекі ў кішэні, дзе гарантыя, што яны не зварацца пры тэмпературы ў +30?"
Па словах крыніцы Еўрарадыё, знаёмай з сітуацыяй на рынку лекавых прэпаратаў, у Беларусі нярэдкія сітуацыі, калі нехта цішком прывозіць лекі з-за мяжы і спрабуе прадаваць іх праз інтэрнэт. Прычым гэта могуць быць як чарговыя сродкі ад усіх хваробаў, так і звычайныя, зарэгістраваныя ў нашай краіне прэпараты, якія за мяжой каштуюць танней.
Здаецца, набываць такія лекі выгадна для кішэні. Але гэта можа быць небяспечна для здароўя.
"Калі прэпарат [афіцыйна] прыходзіць у Беларусь, і яго растаможваюць, ён праходзіць працэдуру сертыфікацыі. То бок кожная серыя праходзіць кантроль якасці. Прэпарат захоўваецца ў патрэбных тэмпературных умовах. А калі нейкі дзядзька прывозіць у кішэні лекі, якія мусяць захоўвацца пры тэмпературы +2... +8, ці можна гарантаваць, што яны па дарозе не зварыліся, асабліва пры тэмпературы +30?" — кажа суразмоўца Еўрарадыё.
Яна падкрэслівае, што "Артравекс" не зарэгістраваны ў Беларусі ні як лекавы прэпарат, ні як біялагічна актыўная дабаўка. Ёсць тэарэтычная магчымасць, што прэпарат зарэгістраваны як БАД у адной з іншых краінаў Мытнага саюза — у ім кожны вядзе сваю базу, якую мусяць прызнаваць іншыя краіны.
"Калі ён зарэгістраваны як БАД у адной з краінаў Мытнага саюза, дык і ў нас аўтаматычна таксама. Толькі ў нашай базе яго не будзе", — удакладняе крыніца Еўрарадыё.
Як мы памятаем, "Крысціна з кампаніі Shoponline" казала пра расійскае паходжанне "Артравекса". Але ў расійскай базе БАДаў яго няма. А калі няма рэгістрацыі, значыць, прэпарат нельга ні прадаваць, ні рэкламаваць на тэрыторыі нашай краіны.
Рэкламу, дарэчы, мусіць зацвердзіць Міністэрства аховы здароўя. У выпадку з "Артравексам" гэтага не адбылося. Па словах прэс-сакратаркі Мінздароўя Юліі Барадун, інфармацыя пра сітуацыю ўжо накіраваная ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. МАРГ прааналізуе яе і, калі палічыць патрэбным, запусціць працэс абмежавання доступу да сайта з нядобрасумленнай рэкламай.