“Калі ЕС не падтрымае Украіну, заўтра тое ж будзе ў Беларусі і Прыбалтыцы"

Перамовы канцлера Нямеччыны і прэзідэнта Францыі з прэзідэнтам Расіі па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне праходзілі 6 лютага ў Крамлі. Сустрэча працягвалася больш за 5 гадзін без удзелу сябраў дэлегацый і экспертаў. І чым яны скончыліся да гэтага часу не вядома.

Вядома толькі, што яшчэ напярэдадні візітаў у Кіеў, дзе лідары еўрапейскіх краін 5 літага сустракаліся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, і ў Маскву Меркель і Аладнд заявілі, што “яны вырашылі прапанаваць новую ініцыятыву”. І мэтай візіту ў Маскву называлася неабходнасць складання такога тэксту пагаднення, якое б задаволіла ўсе бакі.

Адначасова Меркель зазначыла, што  гэтыя перамовы могуць стаць апошнімі. Пра вынікі перамоў 6 лютага ў Крамлі вядома толькі са слоў прэс-сакратара Пуціна Пяскова. І то, толькі тое, што “папярэднія вынікі будуць падведзеныя ў нядзелю падчас тэлефонных перамоў, якія пройдуць у “нармандскім фармаце” – паміж прэзідэнтамі Украіны, Францыі, Расіі і канцлерам Нямеччыны.



Еўрарадыё цікавіцца ў украінскіх і расійскіх экспертаў, чаго можна чакаць ад гэтых перамоў?

Расійскі эксперт Аляксандр Сыцін кажа, што ўжо зараз у Расіі “патрыёты лікуюць і ўпэўніваюць, што Пуцін выйграў чарговую шматхадоўку”.


Аляксандр Сыцін: “Я яшчэ спадзяюся на нешта сыходзячы з таго, што афіцыйная прэс-служба Крамля маўчыць, нібыта вады ў рот набрала. Гэта добра – звычайна яны так робяць у выніку няўдачы. Але маўчыць і ўкраінскі бок – гэта дрэнна, там тыя ж традыцыі. Магу толькі сказаць, што калі ЕС і ЗША зараз пойдуць па шляху кампрамісу і паддадуцца ціску прарасійскіх лабістаў з асяродку аплачаных Крамлём экспертаў і СМІ, то пра гэта давядзецца моцна пашкадаваць цягам ужо гэтага года. Трэба зразумець, што Украіна зараз – авангард цывілізаванага свету, які рэальна ваюе супраць агрэсіі таталітарызму і цемрашальства. Зараз страшна падтрымаць Украіну? Праз год давядзецца абмяркоўваць адпаведныя крокі ў адносінах да Беларусі і Прыбалтыкі, потым Польшчы і Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, былой Югаславіі. Няўжо гэта не зразумела? Неабходна спыніцца на дальніх подступах. Вельмі хочацца ўбачыць рускія танкі ў Берліне і Вене? Не пытанне: з палітыкай саступак можна вывешваць белыя прасціны з берлінскіх вокнаў да лета 2016 года”.

                                 Аляксандр Сыцін

Пакуль ніякіх поспехаў у перамовах няма, упэўнены ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Яўген Магда: “Мяркую, што Пуцін імкнецца зменшыць санкцыі супраць Расі і таму дазволіў уцягнуць сябе ў перамовы. Францыя і Нямеччына хочуць дамагчыся міра ў Еўропе пры мінімальным удзеле ЗША. Украіна змагаецца за выжыванне. Што да выніку, то перамовы працягнуцца. Парашэнка з Захадам будзе фарміраваць сумесную пазіцыю ў Мюнхене, а Пуцін – адзін”.

                      Яўген Магда 

Рабіць нейкія высновы ў той час, калі пра вынікі ўчорашніх перамоў зусім нічога не вядома, зарана, упэўнены расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў.

“Няма чаго на гэты конт казаць пакуль. Рана. Заўтра ўсё стане зразумелым”, -- сказаў Барыс Нямцоў у каментары Еўрарадыё.

                                    Барыс Нямцоў

Украінскі палітолаг Дмітро Левусь упэўнены, што “сенсацыйныя прагнозы наконт гэтага “ўсходняга турнэ” ў Кіеў і Маскву лідараў двух вядучых краін Еўрасаюзу не спраўдзіліся”.

Дмітро Левусь: “Нельга казаць ні пра “апошняе папярэджанне Пуціну”, як гэта хацклася б пачуць тым, хто супрацьстаіць расійскай агрэсіі, ні аб адназначным “зліве” Украіны Захадам. Нягледзячы на неардынарнасць і аператыўнасць візіту яго можна ўспрымаць, як тэхнічны. Пазітыўным момантам з’яўляцца магчымасць аднаўлення перамоў у “Нармандскім фармаце”. Разам з тым, пасля гэтага візіту выклікаюць сумнеў дзве тэндэнцыі: вядучыя краіны ЕС у асобе ФРГ і Францыі, у адрозненні ад ЗША і ўсходнееўрапейскіх краін, менш прынцыповыя ў падтрымцы Украіны і адносінах да расійскай агрэсіі, а таксама адчувальныя да пагроз і шантажу Крамля – зараз ужо і ядзернага. Лідары ЕС працягваюць мець ілюзіі адносна магчымасці спыніць агрэсію РФ без выкарыстання радыкальных сродкаў.

                                     Дмітро Левусь

Прагназуючы далейшае развіццё сітуацыі, можна сказаць, што Крэмль не будзе выконваць дамоўленасці на практыцы. Прарасійскімі сіламі будуць працягнутыя ваенныя дзеянні. Мы бачылі, як па выніку “мінскіх дамоўленасцяў” Украіна страціла кантроль над 500 квадратнымі кіламетрамі сваёй тэрыторыі. Будзе працягнуты ўціск на Кіеў з мэтай прызнання за тэрарыстамі афіцыйнага статусу. У выніку, Захад зробіць яшчэ некалькі спроб паўплываць на Пуціна, накшталт той, якую мы назіраем зараз. У тым ліку, і за кошт Украіны. Аднак Крэмль ужо не здольны на кампрамісы ўвогуле. У больш далёкай перспектыве гэты прывядзе да краху расійскай палітычнай сістэмы”

Нагадаю, у чацвер 5 лютага Меркель і Аланд сустракаліся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам ў Кіеве. Як паведамлялася, яны размаўлялі пра ўрэгуляванне канфлікту на Данбасе на падставе Мінскіх дамоўленасцей аб перамір’і. Пётр Парашэнка заклікаў еўрапейскіх лідараў садзейнічаць вызваленню ўкраінскага пілота, дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Надзеі Саўчанкі. Як вядома, яна была вывезена з Украіны расійскімі спецслужбамі і знаходзіцца ў зняволенні ў Маскве, яе падазраюць у дачыненні да гібелі расійскіх журналістаў. Саўчанка працяглы час трымае галадоўку і знаходзіцца ў цяжкім стане.

Дарэчы, адначасова 6 лютага ў Кангрэсе ЗША абмяркоўвалі пытанне магчымых паставах узбраення Украіне (глядзець відэа). 

Фота: Змітра Лукашука, за архіваў Яўгена Магды, Дмітро Левуся, Аляксандра Сыціна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі