Як затрымлівалі Анатоля Латушку: нацягвалі пакет на галаву, не менш за 50 удараў

Анатоль Латушка / spring96.org
Анатоль Латушка / spring96.org

Пры затрыманні Анатоля Латушкі яму на галаву нацягвалі пакет і збівалі. Падрабязнасці збіцця сталі вядомыя падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, піша праваабарончы цэнтр "Вясна".

Латушка даў такія паказанні: "31 студзеня каля 01:00 я быў затрыманы паблізу дома, даставілі ў Цэнтральнае РУУС, правялі на чацвёрты паверх у адзін з кабінетаў, далей пачалі камунікаваць супрацоўнікі, якія там знаходзіліся. Супрацоўнік апранаў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія звесткі, пра якія я сам не ведаў. Хтосьці з супрацоўнікаў узяў у рукі дубінку, пачаў пагражаць ёй..."

Таксама палітвязень кажа, што атрымаў не менш за 50 удараў. Ад яго патрабавалі інфармацыю пра тэлеграм-каналы. Пад фізічным уздзеяннем Анатоль Латушка агаварыў сябе — даў паказанні, якія яму загадалі міліцыянты.

У СІЗА №1 Латушку аглядалі дактары. 2 лютага ў яго зафіксавалі "шырокія гематомы ягадзічнай вобласці з абодвух бакоў, задняй, унутранай і вонкавай паверхні сцёгнаў з абодвух бакоў, якія ўтварыліся ад кантакту з цвёрдым тупым прадметам/прадметамі". Пры аглядзе 4 лютага былоа зафіксавана, што сцягно ацёчнае, гіперэмаванае.

На судзе Латушка паведаміў, што гэта сляды ад таго, як міліцыянты білі яго дубінкамі.

Ён падаваў заяву, каб на міліцыянтаў, якія яго збілі, пачалі крымінальную справу. Але 24 красавіка яму адмовілі. У якасці доказу таго, што міліцыянты нібыта не ўжывалі фізічную сілу, ішла спасылка на кнігу ўліку прымянення фізічнай сілы ў Цэнтральным РУУС: у ёй такіх даных няма. Да таго ж, на абодвух супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі добрыя характарыстыкі.

20 верасня суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк асудзіў палітвязня Анатоля Латушку на 6 гадоў калоніі і штраф у 300 базавых, Алену Маліноўскую — на 4 гады калоніі, Лілію Ананян — на 5 гадоў "хатняй хіміі". Іх прызналі вінаватымі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса за распаўсюд улётак да рэферэндуму, удзел у Маршы, маляванне "Пагоні", спальванне дзяржаўнага сцяга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі