Як зімой жыве сабачы прытулак на ўскрайку Гродна (фота)

Як зімой жыве сабачы прытулак на ўскрайку Гродна (фота)

Прытулак ініцыятывы “Адданае сэрца” знаходзіцца на ўскрайку вёскі Лапенкі, якая цяпер уваходзіць у рысу горада. Каб трапіць туды, трэба праехаць 400 метраў па замеценай снегам грунтоўцы ад цэнтра вёскі. Самотны падворак з высокім парканам, з-за якога чутны сабачы брэх — значыць, мы на месцы.

Нас сустракае валанцёр Зміцер Кабуляк, які тлумачыць, што усё тут працуе на дабрачыннай аснове. Валанцёры прыходзяць штодня на некалькі гадзін, каб пакарміць сабак або прыбраць у вальерах.

Прытулак знаходзіцца тут каля трох гадоў, памяшканне здымаецца ў Путрышскага селсавета, — распавядае Зміцер. — Калі мы толькі яго знялі, тут яшчэ нічога не было: ні сцен, ні вокнаў, печка была разваленая, то бок усё рабілася сваімі рукамі, а таксама на ахвяраванні гродзенцаў ды некаторых прадпрыемстваў горада, як прыватных, так і дзяржаўных”.

Па словах валанцёра, больш за ўсё прытулку дапамагае гродзенскі мясакамбінат і адна з ветэрынарных клінік, якая са зніжкай праводзіць стэрылізацыю, лечыць сабак ды дае медыкаменты.

Дапамагаюць і звычайныя жыхары горада. Мабільны тэлефон Змітра разрываецца ад званкоў. Часцяком у прытулак прыязджаюць машыны з вадой ды кормам для сабак.

Але галоўная праблема — памяшканне, — працягвае Зміцер. — Нават дадзенае памяшканне не прыстасаванае для ўтрымання сабак. Падышлі б нават нейкія былыя стайні, складскія памяшканні з цэментаванай падлогай, дзе можна добра прыбраць, прадэзінфекаваць, дзе была б пастаянна вада, якой у нас цяпер няма, а ёсць толькі прывазная, дзе быў бы газ пастаянны…”

У прытулак трапляюць сабакі, якія патрабуюць тэрміновай дапамогі — пакалечаныя або прывязаныя ў лесе. Зміцер разводзіць рукамі, маўляў, сабак вельмі шмат, і забраць усіх на такую маленькую тэрыторыю проста немагчыма, таму рэагаваць даводзіцца толькі ў крытычных выпадках.

Сабакі грызуцца паміж сабой. Дадзеная тэрыторыя разлічаная максімум на пятнаццаць сабак, а тут іх сорак. Уявіце сабе аднапакаёвую кватэру, дзе жыве шэсць чалавек”.

Валанцёр заклікае звычайных гараджан дапамагаць беспрытульным жывёлам:

Калі ідуць маразы, сабакам і катам найперш патрэбная ежа, каб не замерзнуць. Паколькі пагрэцца няма дзе, ім трэба есці, каб цяпло выпрацоўвалася ўнутры арганізма. Сабакі паміраюць не з-за холаду, а з-за голаду. Таму не варта саромецца ставіць пад домам ежу ў місках, прыбіраючы пасля за сабой”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі