Які расійскі бізнесмен пагадзіўся пастаўляць нафту на ўмовах Беларусі?

Міхаіл Гуцарыеў / rusmonitor.com​
Міхаіл Гуцарыеў / rusmonitor.com​

Дзяржканцэрн "Белнафтахім" паведаміў, што заключыў першы кантракт з расійскай нафтавай кампаніяй без прэміі да цаны. Як піша TUT.by, спасылаючыся на расійскія СМІ, гаворка ідзе пра кампаніі расійскага алігарха Міхаіла Гуцарыева, які сябруе з Аляксандрам Лукашэнкам.

У самім канцэрне не гавораць, з якой менавіта расійскай кампаніяй збіраюцца падпісаць дакумент аб пастаўках нафты на беларускіх умовах. Тут заяўляюць, што працягнуць працу па заключэнні новых кантрактаў, якія выключаюць прэміі пастаўшчыкам.

У паведамленні гаворыцца, што аб'ём сыравіны, якая чакае паставак у бліжэйшы час, а таксама назапашаныя рэсурсы дадуць магчымасць забяспечыць няспынную працу беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў у студзені 2020 года.

У сваю чаргу, агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу, блізкую да беларускага НПЗ, паведамляе, што пастаўляць нафту ў нашу краіну будуць дзве расійскія кампаніі. Пры гэтым асноўны аб'ём прыйдзецца на "РусНафту".

Крыніцы Інтэрфакса паведамляюць, што заяўку на пастаўку нафты з Расіі на наваполацкі "Нафтан" аформілі "РусНафта" і "Нафціса" (ўваходзяць у групу "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева).

У расійскай трубаправоднай манаполіі "Транснафта" пацвярджаюць, што кампанія атрымала заяўку на прапампоўку на "Нафтан" 133 тысяч тон нафты.

"Руснафта" пакуль не пацвярджае гэтую інфармацыю.

З 1 студзеня 2020 года расійскія нафтавыя кампаніі спынілі пастаўкі нафты ў Беларусь з-за спрэчак па цане на сыравіну. Мінск настойваў на тым, каб прэміі да цаны бяспошлінных паставак нафты адмянілі, матывуючы сваю пазіцыю падаражэннем сыравіны ў сувязі з рэалізацыяй у Расіі падатковага манеўру ў нафтавай сферы. У "Белнафтахіме" паведамляюць, што на сёння цана паставак нафты з Расіі складае 83 працэнты ад сусветнай цаны на нафту. Памер прэміі — 10 долараў за тону.

Ні Мінск, ні Масква не рассакрэчваюць цану паставак. У Белстаце ёсць інфармацыя, што ў студзені-кастрычніку 2019-га Беларусь імпартавала нафту з Расіі па сярэдняй цане 364 долараў за тону.

У сувязі з адсутнасцю імпарту нафты Беларусь з 1 студзеня часова спыніла экспарт нафтапрадуктаў, каб не дапусціць дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку.

Са спасылкай на высокапастаўленую крыніцы ў галіне ТАСС паведамляе, што кампаніі з Расіі могуць аднавіць пастаўкі нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі, праўда, толькі ў выпадку іх згоды працаваць на рынкавых умовах 2019 года.

Суразмоўца ТАСС распавядае, што апошнія гады беларускія НПЗ куплялі нафту на ўмовах, якія можна супаставіць з умовамі для расійскіх незалежных НПЗ (экспартная альтэрнатыва плюс невялікая прэмія). Паводле яго слоў, пастаўкі нафты з Расіі ў Беларусь на ўмовах 2019 года больш удалыя, чым альтэрнатыўныя маршруты з іншых краін. Маўляў, калі ўлічваць запланаваны аб'ём паставак на 2020 год у 24 мільёны тон, краіна зможа зэканоміць 1,6 мільярда далараў у год.

Міхаіл Гуцарыеў вядзе ў Беларусі будаўніцтва новага калійнага камбіната. Свой бізнес у нашай краіне ён пачынаў якраз з "нафцянкі". У пачатку "нулявых" бізнесмена прызначылі прэзідэнтам кампаніі "Слаўнафта", якая перапрацоўвала нафту і займалася мадэрнізацыяй Мазырскага НПЗ. Потым ужо яго ўласныя кампаніі пастаўлялі нафту для перапрацоўкі на беларускія НПЗ і прадавалі паліва на экспарт. З часам расійскі прадпрымальнік пашырыў бізнес у Беларусі і стаў тут адным з галоўных гульцоў. Міхаіла Гуцарыева звязваюць добрыя адносіны з кіраўніком беларускай дзяржавы. "Гэта чалавек, якому прэзідэнт Беларусі няўхільна давярае", —  казала пра Гуцарыева прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант у каментары Forbes.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі