Януковіч прапануе мараторый, апазіцыя не верыць
Украінская апазіцыя не верыць у абяцанні ўлады і чакае ад яе канкрэтных дзеянняў.
Віктар Януковіч прапанаваў увесці мараторый на любыя сілавыя дзеянні да разгляду ў Вярхоўнай Радзе рызыкі, якую нясе цяперашні варыянт дамовы пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. Акрамя таго, ён прапанаваў Вярхоўнай радзе ў аўторак прагаласаваць за амністыю арыштаваным падчас мітынгаў.
Як перадае УНІАН, пра гэта ў інтэрв'ю журналістам заявілі пасля круглага стала "Аб'яднаем Украіну" лідар фракцыі "Бацькаўшчына" Арсень Яцэнюк, лідар "Удару" Віталь Клічко і лідар партыі "Свабода Алег Цягнібок.
Па словах Яцэнюка, адзінае, што сёння пачула апазіцыя, што сілавыя метады цяпер не будуць ужывацца. Ён выказаў надзею, што сілавікі будуць адведзеныя. У сваю чаргу, Цягнібок зазначыў, што апазіцыя чакае дзеянняў улады — напрыклад, загада пра адстаўку ўрада.
Лідар партыі "Удар" Віталь Клічко таксама не верыць абяцанням улады: "Няма ніякіх гарантый. І кожны з нас не ўпэўнены ў заўтрашнім дні. Калі не было пакарання вінаватых у збіцці студэнтаў, то няма ўпэўненасці і ў тым, што заўтра зноў не будуць ужываць дубінкі".
Фота лідараў украінскай апазіцыі — ria.ru