"Яны будуць у нас жыць і працаваць" — Лукашэнка выказаўся пра вагнераўцаў
Летам 2023-га вагнераўцы трэніравалі беларускіх вайскоўцаў / sb.by
25 жніўня Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра тое, ці застануцца вагнераўцы ў Беларусі. З яго слоў вынікае, што яны будуць знаходзіцца ў РБ і далей.
"Вагнер" жыў, "Вагнер" жывы і Вагнер" будзе жыць у Беларусі, як бы камусьці гэта не не хацелася, — казаў Лукашэнка. — Мы яшчэ з Прыгожыным выбудавалі сістэму, як будзе ў нас размяшчацца "Вагнер". І гэтыя здымкі з космасу, што мы нешта дэмантуем... Чаму мы лішнія намёты прыбіраем — столькі не трэба. Тут застаецца ядро, хтосьці з'ехаў у адпачынак, хтосьці наогул вырашыў жыць у баку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці "цягам некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек". А пакуль "няма неабходнасці іх тут трымаць", кажа ён. Па словах Лукашэнкі, нікуды вагнераўцы не бягуць. Раней ў СМІ былі публікацыі пра тое, што частка іх з'язджае ў РФ. Пра гэта ж сведчыла і ўкраінская разведка.
"Столькі, колькі нам трэба і гэтаму падраздзяленню, яны будуць у нас жыць і працаваць", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Мы ж іх трымаем не дзеля задавальнення тут, а дзеля карысці. І сістэму ж выбудавалі так, каб усё было пад кантролем... Яны не маюць ніякіх прэтэнзій, — казаў далей Аляксандр Лукашэнка. — Учора старшыня КДБ звязаўся з імі на маё даручэнне, і ад мяне перадалі ім толькі адзін мэсэдж: усё, пра што мы з Прыгожыным, дамаўляліся, мы выканаем".
Вагнераўцы прыбылі ў Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці з Расіі пасля "паходу на Маскву" канца чэрвеня 2023-га. Мяркуецца, што іх там было каля 5 тысяч чалавек. Аднак нямала наймітаў маглі паехаць у адпачынкі.
23 жніўня стала вядома пра катастрофу самалёта, у якім ляцеў Яўген Прыгожын са сваімі паплечнікамі. Узнікла пытанне наконт лёсу вагнераўцаў у Беларусі ў новай сітуацыі. Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў на яго адказаць. Але відавочна, што лёс ПВК "Вагнер" вырашаецца не ў Мінску, а ў Маскве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.