Ярмошына: АБСЕ непакоіць пытанне роўнага доступу да СМІ ўсіх кандыдатаў
У аўторак у Мінску старшыня ЦВК сустракалася з генсекам АБСЕ Ламбертам Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлам Георгам Лінкам.
Будучыя прэзідэнцкія выбары абмеркавала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлам Георгам Лінкам. Сустрэча прайшла 16 чэрвеня ў Мінску. Па словах Ярмошынай, часу было няшмат, таму размова фактычна абмежавалася знаёмствам прадстаўнікоў АБСЕ з тэрмінамі будучай выбарчай кампаніі.
Ярмошына: “Іх непакоіць пытанне роўных умоваў доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў. З улікам таго, што адзін з імаверных кандыдатаў з’яўляецца дзеючым кіраўніком дзяржавы. Я іх праінфармавала, як мы плануем прадстаўляць эфірны час і ў якой колькасці для будучых кандыдатаў, як будзе ісці перадвыбарчая агітацыя”.
На думку Ярмошынай, прадстаўнікі АБСЕ засталіся задаволеныя яе адказам на іх перасцярогі. “Прынамсі, ад іх не паступіла ніякіх пярэчанняў і заўваг”, — кажа яна.
Па словах старшыні ЦВК, хоць гэта быў толькі азнаямляльны візіт, але прымяншаць яго значэнне не варта, бо гэта першы раз, калі кіраўнік БДІПЧ АБСЕ наведвае беларускі Цэнтрвыбаркам і сустракаецца з яго старшынёй. Ярмошына ўпэўненая, гэта — сведчанне таго, што “Беларуссю сур’ёзна зацікавіліся на міжнародным узроўні і тымі працэсамі, якія ў ёй адбываюцца”. Старшыня ЦВК абяцае,што будзе працаваць на тое, каб гэтыя прэзідэнцкія выбары былі прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі.
Лукашэнка запрасіў АБСЕ на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь (відэа)