"Яшчэ не плато": беларускія медыкі абмеркавалі сітуацыю з CОVID

Захворванне на COVID-19 у Беларусі расце / з архіву БЕЛТА
Захворванне на COVID-19 у Беларусі расце / з архіву БЕЛТА

Беларусь выйдзе на плато па колькасці выпадкаў COVID-19 да канца снежня, такі прагноз зрабіў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі —галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Аляксандр Тарасенка.

Па яго словах, Беларусь пакуль толькі набліжаецца да плато.

"Захворванне не мае тых рэзкіх тэмпаў, якія былі яшчэ два тыдні таму. Спадзяюся, да канца снежня мы выйдзем на плато, на якім прабудзем месяц, а то і два. І потым пойдзе паступовае зніжэнне", — сказаў Тарасенка ў эфіры Беларускага тэлебачання.

Сітуацыя застаецца складанай, але яна пад кантролем, падкрэсліў ён. Колькасць пацыентаў з COVID-19 расце, іх больш, чым вясной. Але рэзерв ложкаў у клініках ёсць — ёсць магчымасць перапрафіляваць пад ковидных пацыентаў іншыя аддзяленні.

"Калі спатрэбіцца, то перапрафіляванне будзе праводзіцца і далей. Рэзерв ёсць. На сёння ахова здароўя спраўляецца з задачай па аказанні меддапамогі", — сказаў спецыяліст.

Што тычыцца распаўсюджвання захворвання, то ў адрозненне ад першай хвалі, калі захворванне нарастала з поўначы на поўдзень краіны, цяпер "гарыць" уся рэспубліка, заявіў у праграме загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Горбіч.

Ён таксама распавёў, што ў Беларусі ёсць пацыенты, якія захворваюць на COVID-19 ужо чацвёрты раз. Пры гэтым сказаць, што ў кожным наступным выпадку хвароба працякае лягчэй, медыкі не могуць.

"Кожны наступны раз працякае па-рознаму, заканамернасці абсалютна няма. Людзі ў другі раз могуць хварэць цяжэй, чым у першы, а могуць і лягчэй", — сказаў спецыяліст.

Раней Горбіч распавядаў, што, па дадзеных, якія ёсць у медыкаў на дадзены момант, антыцелы на тэрмін больш за тры месяцы захоўваюцца толькі ў 30-36% тых, хто перахварэў. Астатнія могуць хварэць паўторна. У гэтай сувязі ў беларускіх спецыялістаў ўзнікала пытанне з нагоды вакцын  — як доўга змогуць працаваць нават самыя эфектыўныя з іх, і як доўга зможа захоўвацца імунітэт, які яны ствараюць.

Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя зноў паведамляла аб вялікай колькасці новых пацыентаў з COVID-19, выяўленых за суткі. Паводле звестак на 16 снежня штосутачны прырост склаў 1 838 чалавек. Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 165 897 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, памерлі каля 1 300 пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі