Юлія Цімашэнка выйшла на волю (абноўлена, дадалося відэа)

Яна выехала на машыне з лякарні, дзе знаходзілася амаль два гады ў сувязі з цяжкім станам здароўя. Разам з Цімашэнка былі яе абаронцы Андрэй Кажамякін і Сяргей Уласенка. Палітыка вывезлі з харкаўскай лякарні №5 а 17.40 паводле мясцовага часу. Цімашэнку сустракалі каля 200 прыхільнікаў і скандавалі: "Юля!". Яна адчыніла вакно аўтамабіля, каб прывітаць прысутных, інфармуе УНІАН.

22 лютага Вярхоўная Рада прыняла пастанову аб выкананні міжнародных абавязанняў Украіны адносна вызвалення былога прэм’ер-міністра Украіны. За адпаведную пастанову (№4166) прагаласавалі 322 народня дэпутаты з 331, зарэгістраванага ў сесійнай зале. Ініцыятарам гэтай пастановы з’яўляецца лідар фракцыі “Бацькіўшчына” Арсеній Яцэнюк.

Крымінальны пераслед Цімашэнка пачаўся ў 2010 годзе, калі ўлада прэзідэнта Віктара Януковіча ініцыявала праверку справаў былога кіраўніка ўраду. Было заведзена некалькі крымінальных справаў, звязаных з падпісаннем газавых кантрактаў з Расіяй у 2009 годзе. Пры гэтым генеральная пракуратура Украіны не абвінавачвала Цімашэнку ў раскраданні сродкаў, а толькі ў перавышэнні паўнамоцтваў.

У кастрычніку 2011 года Юлія Цімашэнка была асуджаная на 7 гадоў пазбаўлення волі. Еўрапейскі парламент прыняў шэсць рэзалюцыяў па Украіне, у якіх справа Цімашэнкі расцэньвалася як “палітычна матываваная”. Віктара Януковіча крытыкавалі за “выбарчае правасуддзе”. Таксама пасля прыходу да ўлады Януковіча былі заведзеныя крымінальныя справы на многіх паплечнікаў Цімашэнка.

Ужо ў пачатку зняволення ў палітыка рэзка пагоршыўся стан здароўя. У канцы 2011 году яе перавялі з Кіеўскага СІЗА ў турму ў Харкаве. З траўня 2012 году яна знаходзілася ў Харкаўскай цэнтральнай лякарні №5 з дыягназам “грыжа міжпазваночнага дыску”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі