Юлія Слуцкая: "Жыву ў скрыўленым свеце"
Еўрарадыё атрымала ліст з "Валадаркі" ад заснавальніцы Press Club Belarus Юліі Слуцкай. Гэта адказ на паштоўкі, якія мы адправілі перад Новым годам, а яна атрымала 19 студзеня.
"У мяне ўпершыню ў жыцці ёсць столькі вольнага часу, і пры гэтым пакуль дрэнна атрымліваецца думаць пра важнае, але я трэніруюся, — піша Юлія Вітальеўна. — Для гэтага застаецца час пасля 22:00, пасля адбою. Таму доўга не засынаю, думаю, успамінаю, уяўляю і нават гуляю ў думках па любімых месцах".
Слуцкая, нягледзячы на сумныя абставіны, не губляе пачуцця гумару: "Тут вельмі добра трэніраваць такую дрэнна ў мяне развітую мышцу, як цярплівасць. Трэнірую з раніцы да вечара".
Юлію Слуцкую, як і іншых супрацоўнікаў "Прэс-клуба", затрымалі 22 снежня. Яе падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праграмнага дырэктара Алу Шарко, дырэктара Сяргея Альшэўскага, аператара Пятра Слуцкага і былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну падазраюць у саўдзеле. Праваабаронцы прызналі затрыманых супрацоўнікаў "Прэс-клуба" палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.