Юрыст: “Дэкрэт “аб дармаедах” парушае мінімум 5 артыкулаў Канстытуцыі”

“Мы думаем, што можна гаварыць як мінімум аб пяці артыкулах Канстытуцыі, якім супярэчыць Дэкрэт №3”, — расказвае Еўрарадыё юрыст БХК Дзмітрый Чарных.

Юрысты налічылі цэлы спіс прычын, з якіх дармаедскі дэкрэт трэба адмяніць.

1. Артыкул 41 Канстытуцыі РБ, частка 4. Гарантуе беларусам права на працу, але забараняе прымусовую. То бок прызнае права беларусаў не працаваць.

2. Беларусь уступіла ў Міжнародную арганізацыю працы, ратыфікавала Канвенцыю аб прымусовай працы №29, Канвенцыю аб забароне прымусовай працы №105. Згодна з Канвенцыяй №29, “прымусовая праца азначае любую працу альбо службу, якую патрабуюць ад асобы пад пагрозай пакарання, для выканання якой асоба не прапанавала сваіх паслуг добраахвотна”.

Тое самае прапісана ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Яны ратыфікаваныя Беларуссю.

3. Апраўдваць Дэкрэт №3 абавязкам грамадзян РБ “браць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў”, прапісаным у 56 артыкуле Канстытуцыі, нельга. Юрысты БХК называюць гэта падменай паняццяў. “Канстытуцыя і Падатковы кодэкс маюць на ўвазе абавязковую выплату дзяржаўных падаткаў з пэўных відаў дзейнасці”. Іншымі словамі, грамадзяне Беларусі абавязаныя сплачваць пошліну падчас звароту ў суд альбо мытную, але ніяк не падатак на дармаедства.

4. Артыкул Канстытуцыі 101. Згодна з ім Дэкрэт №3 з’яўляецца часовым і прымаецца толькі ў выпадку “асаблівай неабходнасці”. Аднак у тэксце Дэкрэта аб “асаблівай неабходнасці” няма ні слова, што таксама з’яўляецца парушэннем.

5. Артыкул 67 Закона “Аб нарматыўных прававых актах” забараняе кіраўніку краіны прымаць дэкрэты і ўказы са зваротнай сілай. Тое самае гаворыцца ў артыкуле 101 Канстытуцыі. Юрыст Дзмітрый Чарных удакладняе, што зваротная сіла дазваляецца толькі ў тым выпадку, калі новы закон палягчае становішча грамадзян. Так было, напрыклад, з новым Крымінальным кодэксам, прынятым у 1999 годзе.

6. Ізноў Канстытуцыя: кіраўнік краіны “не мае права сваім актамі абмяжоўваць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян”.

7. Артыкул 56 Канстытуцыі абавязвае “браць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў выключна грамадзян Рэспублікі Беларусь”. Дэкрэт №3, нагадаем, абавязвае плаціць “за дармаедства” таксама і тых жыхароў краіны, хто не мае грамадзянства Беларусі.

8. Артыкул 32 Канстытуцыі абавязвае бацькоў выхоўваць сваіх дзяцей. На думку экспертаў БХК, Дэкрэт №3 абмяжоўвае магчымасці бацькоў, прымушаючы іх ісці на працу як толькі дзіцяці спаўняецца 7 гадоў.

9. Яшчэ раз 32 артыкул Канстытуцыі. Ён таксама абавязвае дзяцей клапаціцца пра сваіх бацькоў. Артыкул 100 Кодэкса аб шлюбе і сям’і наўпрост абавязвае дзяцей утрымліваць сваіх недзеяздольных бацькоў. Юрысты звяртаюць увагу на тое, што у Дэкрэце “аб дармаедах” няма ні слова аб вызваленні ад выплаты падатку для тых, хто вымушаны даглядаць сваіх бацькоў, не працуючы з гэтай прычыны.

10. Права на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Таксама прапісанае ў Канстытуцыі. БХК лічыць, што збор, апрацоўка і захоўванне інфармацыі аб “дармаедах” падчас складання іх базы можа дазволіць уцечку прыватнай інфармацыі, і звяртае увагу на тое, што тэкст Дэкрэта №3 не гарантуе абароны гэтых асабістых звестак.

Юрысты накіравалі зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дзе называюць Дэкрэт №3 неканстытуцыйным. “Згодна з заканадаўствам, тэкст Дэкрэта №3 павінен быў быць накіраваны Адміністрацыяй кіраўніка краіны ў Палату прадстаўнікоў на працягу трох дзён пасля падпісання. Дэпутаты павінныя яго зацвердзіць. Вось мы і спрабуем неяк паўплываць на іх рашэнне, пералічыць усе супярэчнасці”, — гаворыць юрыст Дзмітрый Чарных.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі