Юрыст штаба Бабарыкі пажартаваў з прэтэндэнтаў, у якіх знайшлі "зашмат" подпісаў
Юрыст штаба Віктара Бабарыкі Максім Знак пажартаваў з прэтэндэнтаў Ганны Канапацкай і Сяргея Чэрачня, якім выбаркамы налічылі "зашмат" подпісаў — больш, чым яны аб'яўлялі раней.
"Гатовы дапамагчы любой з вылучаных асоб скласці скаргу, калі камісіяй неправамерна было ўлічана ў іх больш подпісаў, чым здавалася", — піша ён у Facebook.
Як паведамляла Еўрарадыё, выбаркамы падчас праверкі забракавалі 200 тысяч подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі і 85 тысяч — Валерыя Цапкалы. У выніку апошняму не хапае подпісаў для рэгістрацыі. А вось у Ганны Канапацкай аказалася 146 тысяч сапраўдных подпісаў, хаця раней заяўлялася толькі пра 110 тысяч сабраных. Праўда, цяпер Канапацкая кажа, што магла сабраць больш за 140 тысяч. Але ж 126 тысяч з іх у Мінску. Гэта роўна ўдвая больш, чым засталося ў Бабарыкі! У Чэрачня сапраўдных подпісаў больш за 143 тысячы, хаця яго штаб паведамляў пра 106 тысяч сабраных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.