З 7 кастрычніка і да канца года беларускі працуюць бясплатна
“З сённяшняга дня і да канца года брытанкі будуць працаваць бясплатна”, — так на гэтым тыдні пачынаюцца матэрыялы брытанскіх СМІ. Паводле апошніх даследаванняў, жанчыны Вялікабрытаніі на поўнай стаўцы за год зарабляюць на 5000 фунтаў (7550 долараў) меней за мужчын.
Такім чынам, “Дзень роўнай аплаты”, што паказвае момант, пасля якога жанчына фактычна будзе працаваць бясплатна праз гендарную неадпаведнасць заробкаў, настае за 52 дні да канца года, 9 лістапада.
У Беларусі, паводле дадзеных Белстата, жанчыны зарабляюць на 23,4% меней за мужчын. За год розніца ў зарплатах набіраецца ў 21,4 млн рублёў (1 213 долараў). “Дзень роўнай аплаты” ў нашай краіне наступіў яшчэ 7 кастрычніка — за 86 дзён да канца года.
За апошнія гады разрыў у заробках мужчын і жанчын крыху скараціўся. У мінулым годзе ён быў 25,5%, у пазамінулым — 25,6%.
У 2014 годзе Беларусь у рэйтынгу гендарнай роўнасці, які публікуе Сусветны эканамічны форум, займае 32-е месца (са 142 краінаў). Вялікабрытанія, дарэчы, — 26-е.
Сярод нашых суседзяў у гэтым рэйтынгу вышэйшае месца займае толькі Латвія — 15-е. Літва размясцілася на 44-й пазіцыі, Украіна — 56-я, Польшча — 57-я. Расія займае 75-ы радок.
Паводле дадзеных рэйтынга, Ісландыя, Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя — краіны, дзе гендарная няроўнасць найменшая. У Емене, Пакістане, Чадзе, Сірыі спецыялісты Сусветнага эканамічнага форуму рэгіструюць найвялікшую няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі.
Кіраўніца Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гендарныя перспектывы” Ірына Альхоўка распавядае, што ў краінах былога СССР разбежка ў аплаце працы назіраецца прыблізна такая ж, як і ў нас.
“А вось у краінах ЕС сярэдняя розніца ў аплаце складае 16%. Там ёсць разбежка ад 1% да 30%. Традыцыйна яна меншая ў скандынаўскіх краінах, а большая ў тых, якія нядаўна далучыліся да Еўрасаюза”, — аналізуе спецыялістка.
На яе думку, такая немаленькая розніца ў заробках мужчын і жанчын хаваецца ў сістэмных асаблівасцях нашай дзяржавы. У тым, як грамадства арыентуе мужчын і жанчын на выбар прафесіі і атрыманне адукацыі. У нас жанчыны традыцыйна інвестуюць у сваю адукацыю больш за мужчынаў. Але ў выніку парадокс заключаецца ў тым, што на рынку працы манетызаваць сваю адукацыю жанчыны не могуць. Бо амаль 80% вакансіяў, якія прапануе рынак, — гэта вакансіі працоўныя.
Разам з тым, Ірына Альхоўка адзначае, што цяпер у краіне няма прафесіяў, у якіх жанчынам забаронена працаваць. Замест гэтага з’явіліся ўмовы працы, забароненыя для жанчын. Але і тут ёсць выключэнне — жанчына не можа стаць вайскоўцам. Вось ужо 5 гадоў як Ваенная акадэмія закрыла прыём абітурыентак. І акадэмія МУС мае квоту толькі ў 10%, нават на следчых факультэтах, дзе непатрэбная фізічная сіла.
Спецыялістка кажа, што тэндэнцыя, якая можа чакаць жанчыну на рынку працы ў такі няпросты эканамічны перыяд, несуцяшальная:
“Досвед крызісу, які перажывалі Еўропа і Амерыка, сведчыць пра тое, што жанчыны будуць першымі работнікамі, якіх папросяць звольніцца. Такі механізм у крызісу. Таму што пакідаюць на працы ў першую чаргу бездакорных працаўнікоў, якія прыносяць мінімум праблемаў. Для працадаўцы жанчына — гэта работнік з нагрузкай, бо мае клопаты з сям’ёй”, — выказвае меркаванне дырэктарка “Гендарнай перспектывы”.
Але наша краіна не вытрымае, калі жанчыны сядуць дома з дзецьмі. У нас проста абрынецца рынак працы.
“Гэта дэмагогія, што жанчын трэба вярнуць у сям’ю. Па-першае, сям’я гэтага не вытрымае. Бо большасць беларускіх сем’яў не можа сабе дазволіць, каб працаваў толькі адзін. І эканоміка не вытрымае, калі жанчыны ўсе пасядуць дома ў дэкрэце і будуць толькі выхоўваць дзяцей”, — рэзюмуе Ірына Альхоўка.
Каб змяніць такую сітуацыю, неабходныя сістэмныя перабудовы. Перш за ўсё ў адукацыйнай сферы і, вядома, у свядомасці людзей.
Дарэчы, яшчэ ў жніўні міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна заявіла, што мужчыны ў Беларусі атрымліваюць заробкі на 33% большыя за жанчын. А гэтыя звесткі моцна адрозніваюцца ад дадзеных Белстата.
Галоўнае фота: vl.ru