З чым беларускія эканамісты параўноўваюць крызіс?

Адным крызіс нагадвае суседа-п’яніцу і эпідэмію грыпу, іншым – нараджэнне матылька з кокана. Еўрарадыё пацікавілася ў вядомых беларускіх эканамістаў, з чым у іх асацыюецца крызіс. Сяргей Чалы параўноўвае крызіс з грыпам. І ў каго горшы імунітэт — той больш хварэе.

"Уявіце сабе, што ідзе эпідэмія грыпу. У аднаго чалавека добры імунітэт, у іншага – дрэнны. Больш хварэе той, у каго імунітэт горшы. Эпідэмія ідзе ва ўсіх, але больш захварэлі мы, таму што ў нас імунітэт горшы".

Паспрабаваў Сяргей Чалы перанесці беларускую сітуацыю на быт:

"Уявіце, што ў вас на лесвічнай клетцы ёсць сусед-п'яніца, які прапівае заробак, і яму стала бракуе грошай. Вось ён ходзіць па суседзях і просіць. Потым вам гэта надакучвае, і вы кажаце, што дасце грошай, калі ён кіне піць. А ён прыходзіць дадому і кажа, што вы паганец, паставілі яму ўмовы. Аналогія МВФ і Беларусі. А ўмова-то простая. Ты кінеш піць і зможаш гэтыя грошы вярнуць. Табе ж лепш робяць".

З хваробай асацыюе крызіс і намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур:

"У мяне крызіс заўсёды асацыюецца з нейкай хваробай. Яна, з аднаго боку, павінна мабілізаваць арганізм, а з іншага боку – арганізм павінен з крызісу выходзіць абноўлены, наладжаны на перспектыву і з аптымізмам наконт будучага".

Няправільным лічыць параўнанне крызісу з хваробай сябра грамадска-кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Заіка:

"Эканамічны крызіс гэта не грып. Гэта працэс нараджэння новага стану, новага дзіця. Гэта не грып, таму што, нават перахварэўшы на грып, вы можаце заставацца ў той жа якасці, што і былі".

Рэктар Маскоўскай бізнэс-школы Павал Данэйка лічць, што крызіс – гэта з'яўленне новага, і паэтычна параўноўвае яго з нараджэннем матыля:

"Крызіс – гэта не толькі пагроза, гэтае нараджэнне новага. Калі з кокана з'яўляецца матыль – гэта крызіс. Але мы не змагаемся з ім тым, што цыруем абалонку кокана. Мы павінны дапамагчы матылю вылезці. Пакуль усе меры накіраваныя на тое, каб залатаць гэты кокан".

Выкладчык эканомікі Леанід Злотнікаў сваім студэнтам паказвае крызіс у выглядзе хваляў, якія пастаянна накатваюцца. Ніводная складаная сістэма не можа існаваць нерухома. Заўсёды ёсць спады і ўздымы, кажа ён.

"Крызіс – гэта цыклічныя ваганні вакол чагосьці. Гэта хвалі, якія накатваюцца".

Чалавек жыве жыве да 70 год, а японцы – нават 80. Таму раз на 80 год чалавецтва абнаўляецца — у гэтым і ёсць сэнс крызісу, лічыць Леанід Заіка:

"Раз на 80 гадоў чалавецтва прыходзіць да вызначаных тупікоў, да вызначаных фазавых пераходаў. Калі абнаўляецца грамадства, ідэі і самі людзі. Прыходзіць час новага пакалення, новых ідэй – арыгінальных і моцных".



Фота з сайта горада Вілейкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі