За два "злітыя" матчы футбалісты зборнай Беларусі атрымалі $40 тысяч "на ўсіх"
Зборная Беларусі перад "тым самым" матчам са зборнай Чэхіі. Фота: fanpicture.ru
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі атрымалі $40 тысяч за "злітыя" у 2003 годзе матчы з Чэхіяй (1:3) і Малдовай (1:2). Пра гэта Еўрарадыё распавёў спартовы аналітык, экс-кіраўнік дэпартамента маркетынгу і камунікацый Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Беражкоў:
У 2006-07 годзе следства вызначыла, што абарот на здзелке з матчамі зборнай Беларусі склаў паўмільёна долараў. Пры тым, што "зараджалі" $40 тысяч гульцам за два матчы, куш атрымаўся — паўмільёна.
Па словах Беражкова, следства рухалася наперад з вялікімі цяжкасцямі, бо ў "спрута" які арганізоўвае дагаворныя матчы, "шмат высокапастаўленых заступнікаў". Абвінавачаным па справе праходзіў экс-брамнік зборнай Беларусі Валерый Шанталосаў. Каб пазбегнуць крымінальнага пераследу, ён вымушаны быў выехаць у Расію.
Расследаванне зацягнулася, і ў выніку справа была закрытая за тэрмінам даўніны. Тым не менш, з тых часоў Шанталосаву забаронена працаваць у беларускім футболе.