За каментар па "справе Зельцэра" магілёўцу далі два гады калоніі
45-гадовага жыхара Магілёва асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму за каментары па "справе Зельцэра". Таксама ён павінен заплаціць штраф у 100 базавых велічыняў (3200 рублёў), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
Мужчыну прызналі вінаватым у публічнай абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
"Устаноўлена, што Г. са свайго тэлефона 28-29 верасня 2021 года ў дэструктыўным Telegram-чаце размясціў абразлівыя каментары на адрас загінулага супрацоўніка Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Федасюка, яго таварышаў па службе і іншых супрацоўнікаў сілавога блока", — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Пазней парваабаронцы паведамілі, што асуджанага завуць Аляксандр Гаўрыленка.
28 верасня супрацоўнікі КДБ у Мінску ўзялі штурмам кватэру айцішніка Андрэя Зельцэра. Паведамлялася, што сам ён абараняўся, прычым смяротна параніў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка. Пры штурме кватэры Зельцэра застрэлілі. Яго жонку затрымалі.
Сілавікі адсочвалі ў інтэрнэце каментары беларусаў, абураных "справай Зельцэра". У МУС заяўлялі, што выявілі больш за 200 аўтараў такіх каментароў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.