За неаднаразовы ўдзел у масавых акцыях увядуць крымінальную адказнасць
Акцыя пратэсту ў Мінску ў жніўні 2020 года / Еўрарадыё
У Крымінальны кодэкс Беларусі будуць унесеныя новыя артыкулы і склады злачынстваў, якія павінны "забяспечыць дадатковую ахову канстытуцыйнага ладу краіны, жыцця і здароўя грамадзян". Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе, прысвечаным пасяджэнню міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы змяненняў у КК.
У паведамленні, якое з'явілася на Нацыянальным прававым партале, гаворыцца, што новыя артыкулы і склады злачынстваў будуць прадугледжваць "адказнасць за экстрэмізм, неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, распаўсюджванне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу забароненай інфармацыі, вытворчасць (увоз, збыт) фальсіфікаваных медпрэпаратаў, а таксама незаконны збор і распаўсюджванне персанальных дадзеных".
Разгледжаны змены і ў Крымінальна-працэсуальных кодэкс. Тут прапануецца сярод іншага пашырыць выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у крымінальным працэсе і ўзмацніць ролю пракуратуры — даць права генпракурору, яго намеснікам, а таксама пракурорам абласцей і Мінска выносіць абавязковыя для выканання прадпісанні.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, які ўзначальвае міжведамасную групу па дапрацоўцы законапраекта, адзначыў, што гэты дакумент "носіць вельмі важны характар як для дзяржавы, так і для простых людзей". Таму праца над папраўкамі вялася "фактычна ў рэжыме" нон-стоп " і цяпер яна знаходзіцца на фінальнай стадыі.
Раней генпракурор Беларусі Андрэй Швед анансаваў узмацненне адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць. Пры чым, паводле яго слоў, "крымінальнай адказнасці будуць падлягаць любыя ўдзельнікі, а таксама асобы, якія аказваюць садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням, іх фінансуюць і ў любой іншай форме спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці". Адказнасць, па яго словах, будзе прадугледжана і за распаўсюд "экстрэмісцкіх поглядаў і сімволікі". Экстрэмісцкай сімволікай, нагадаем, хочуць прызнаць і БЧБ-сцяг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.