Заходнім журналістам паказалі ваенны лагер пад Асіповічамі

Мэцью Чэнс у лагеры пад Асіповічамі / кадр з відэа CNN
Мэцью Чэнс у лагеры пад Асіповічамі / кадр з відэа CNN

У скандальна вядомы ваенны лагер пад Асіповічамі беларускія ўлады дапусцілі заходніх журналістаў. У прыватнасці, туды адвезлі Мэцью Чэнса з CNN і Стыва Розенберга з BBC.

На тэлеканале CNN ужо выйшаў рэпартаж, у якім журналіст паказвае намёты і кажа, што яны пустыя.

Мэцью Чэнс нагадвае, што за ўзвядзеннем лагера можна было сачыць па спадарожнікавых здымках. Ён дадае, што размясціцца ў гэтым лагеры могуць да пяці тысяч чалавек.

Падчас візіту журналістаў суправаджаў памочнік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Леанід Касінскі. Па яго словах, як распавядала Еўрарадыё, намётавы лагер у вёсцы Цэль пад Асіповічамі паставілі "для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў грамадзянскай адміністрацыі ў рамках разгортвання сістэмы тэрытарыяльнай абароны".

Дарэчы, вучэнняў тэрыятарыяльнай абароны такога маштабу ў Беларусі ніколі не праводзілі і не абвяшчалі.

Беларускія ўлады старанна абвяргаюць ранейшыя чуткі пра тое, што лагер будаваўся для наймітаў з ПВК "Вагнер", якія прыбудуць у Беларусь. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, вагнераўцы знаходзяцца ў сваіх палявых лагерах, а іх кіраўнік Яўген Прыгожын — у Санкт-Пецярбургу. Лукашэнка заявіў, быццам вагнераўцам прапанавалі некалькі варыянтаў размяшчэння, але іх нічога не задаволіла. Таму рашэнне пра перадыслакацыю, маўляў, пакуль не прынятае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі