Залічэнне SDR ад МВФ не азначае, што ўлады Беларусі змогуць імі скарыстацца
Адбылося размеркаванне SDR сярод краін-удзельніц МВФ. 23-га жніўня сродкі паступілі на рахункі / Reuters
Залічэнне спецыяльных правоў запазычання (SDR) на беларускі рахунак не азначае, што беларускі рэжым зможа імі скарыстацца, заявіў Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах.
Ён нагадаў, што напярэдадні адбылося размеркаванне SDR сярод 190 краін-удзельніц МВФ. Рашэнне аб выдзяленні сродкаў было прынята ў пачатку жніўня, а 23-га жніўня траншы паступілі на рахункі ў Фондзе ўсіх краін-членаў МВФ.
Аляхновіч нагадвае, што "вылучэнне SDR з'яўляецца шматбаковым дагаворам, у якім удзельнічаюць усе члены МВФ, і яно не звязана з ацэнкай сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах". Таму, па яго словах, нельга інтэрпрэтаваць гэта рашэнне як гатоўнасць МВФ фінансаваць нелегітымныя ўлады ў Беларусі.
Ён нагадаў, што SDR яшчэ трэба абмяняць на свабодна канверсоўную валюту. А для гэтага неабходна звярнуцца ў Фонд з афіцыйным запытам.
"Офіс Святланы Ціханоўскай, беларуская дыяспара, НАУ і іншыя нашы партнёры прыклалі шмат намаганняў для таго, каб у выпадку, калі нелегітымныя ўлады звернуцца з такім запытам, МВФ мог бы адмовіць у падтрымцы канвертавання SDR у валюту. Гэта ў першую чаргу пытанне легітымнасці, а не грошай", — падкрэсліў Аляхновіч.
Ён таксама нагадаў, што ўжо былі прэцэдэнты, калі ўрадам асобных краін блакавалі доступ да іх SDR-рахункаў у МВФ. Гэта здарылася, да прыкладу, з Венесуэлай і Афганістанам. Падставай былі сур'ёзныя сумневы і пытанні па нагоды легітымнасці ўладаў гэтых краін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.