Замест еўра ў кошыку валют — расійскі рубель. Чаго чакаць беларусам?
Валюта / Еўрарадыё
"Такіх сур'ёзных наступстваў, што нельга будзе разлічыцца еўра ў прынцыпе, чакаць не варта", — каментуе Еўрарадыё старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук навіну пра замену долі еўра ў беларускіх банках на расійскі рубель.
На думку спецыяліста, выключэнне еўра з валютнага кошыка з 12 снежня прывядзе да звужэння сферы абарачэння еўра і наогул магчымасці трымаць на рахунках гэтую валюту і неяк выкарыстоўваць яе ўнутры Беларусі.
Праўленне Нацбанка тлумачыць такі крок тым, што аб'ём знешняга гандлю з Кітаем і Расіяй павялічыўся, а таксама актыўным выкарыстаннем валют гэтых краін падчас знешнегандлёвых аперацый. Яшчэ адна прычына — адначасовае скарачэнне тавараабароту з еўрапейскімі краінамі і разлікаў у еўра.
"Тут ёсць тэхнічныя прычыны і тое, што з'яўляецца фармальным абгрунтаваннем, — дапаўняе Дзмітрый Крук. — Тэхнічна ў большай ступені ногі растуць з таго, што многія еўрапейскія банкі цяпер вельмі асцярожна ставяцца да супрацоўніцтва з беларускімі, нават непадсанкцыйнымі банкамі. Як кажуць многія банкіры, фактычна ўся юрысдыкцыя ў Беларусі ўспрымаецца як падсанкцыйная.
Гэта, адпаведна, вельмі абцяжарвае доступ да еўра. Разлікі ў еўра, магчымасці папаўняць рахункі ў еўра залежаць ад магчымасці карэспандэнцкіх зносін з еўрапейскімі банкамі. Калі на гэтым базавым узроўні ўзнікаюць перабоі, то, адпаведна, гэта вядзе да пералічаных мною наступстваў".
Паводле слоў спецыяліста, фармальна Нацбанк пайшоў на такі крок, бо доля гандлю з ЕС радыкальна скарацілася на фоне санкцый, і перадусім за кошт таго, што туды перасталі ісці нафтапрадукты. Фармальна вагі валютнага кошыка бралі за аснову долю ў знешнегандлёвым абароце.
"Таму як фармальнае тлумачэнне з улікам цяперашніх рэалій нейкую логіку гэтае рашэнне мае, — працягвае Дзмітрый Крук. — Яшчэ раз: думаю, што ў валютнай палітыцы і дынаміцы абменнага курсу беларускага рубля ніякіх сур'ёзных наступстваў не адбудзецца. Проста Нацбанк будзе больш арыентаваны на курс долара ЗША і, у нейкай ступені, на расійскі рубель. Па факце яны ўсталявалі яго як даміноўны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.