Заможныя рэгіёны Італіі Венета і Ламбардыя выказаліся за пашырэнне аўтаноміі

Фота: www.sbs.com.au
Фота: www.sbs.com.au

Дзве самыя багатыя адміністрацыйныя вобласці Італіі — Венета і Ламбардыя — прагаласавалі за больш шырокую аўтаномію ад Рыма на рэгіянальных рэферэндумах, якія прайшлі 22 кастрычніка.

У Венета, сталіцай якой з'яўляецца Венецыя, 98% жыхароў з 57%, што прынялі ўдзел у рэферэндуме, выказаліся за больш шырокую незалежнасць.

У Ламбардыі са сталіцай у Мілане за пашырэнне аўтаноміі аддалі галасы каля 95% выбаршчыкаў.

Рэферэндумы насілі кансультатыўны характар, іх вынікі не абавязковыя для выканання. Тым не менш, рэгіянальныя ўлады, прыняўшы пад увагу вынікі плебісцыту, могуць пачаць перамовы з Рымам з нагоды прадастаўлення рэгіёнам больш шырокіх правоў. У прыватнасці, гэта дазволіць Венета і Ламбардыі пакідаць больш падаткаў у мясцовых бюджэтах.

Дзве паўночныя вобласці, пра якія ідзе гаворка, вырабляюць каля 30% ВУП Італіі. Іх насельніцтва лічыць, што яны не павінны быць донарамі для менш заможных паўднёвых рэгіёнаў краіны.

Венета і Ламбардыя ўваходзяць у "Лігу Поўначы", дамагаюцца падатковых паслабленняў і выступаюць супраць палітыкі ўрада Італіі ў дачыненні да мігрантаў. Дэмакратычная партыя, якая кіруе ў Італіі, не прызнае вынікі рэферэндумаў і не лічыць патрэбным ўступаць у перамовы з Венета і Ламбардыяй па пытаннях пашырэння аўтаноміі і змяненняў у падатковай сістэме, паведамляе "Інтэрфакс".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі