Заняцца будаваннем альтэрнатыўных інстытутаў. Парады палітолага для апазіцыі
Пасля падзей 2020 года беларусы змарнавалі даволі шмат часу і рэсурсаў на чаканне нейкіх пераменаў. Але зусім ніхто не сканцэнтраваўся на фармаванні інстытутаў альтэрнатыўнай Беларусі, кажа палітолаг Павел Усаў:
— Адзінае, што можна было зрабіць у гэтых умовах пры наяўнасці такой вялікай падтрымкі і ўнутры Беларусі, і за межамі Беларусі, — відавочна, легітымізацыя палітычных дзеячоў і лідараў. Вось гэтыя рэсурсы пры наяўнасці вельмі развітой сеткі інтэрнэту можна ўсё ж такі было скіраваць на фармаванне альтэрнатыўных дзяржаўных інстытутаў і фактычна новай Беларусі, каб кансалідаваць усе сілы, актыўнасць беларусаў, а не фактычна пераходзіць у фармат той дзейнасці, якой займалася беларуская апазіцыя ўсе 26 год.
На думку Усава, сёння яшчэ ёсць магчымасці пачаць дзейнасць у гэтым кірунку.
— Думаю, што шмат чаго таксама будзе залежаць ад вынікаў рэферэндуму: калі ён для беларускіх уладаў будзе праведзены без нейкіх нечаканасцяў і выклікаў, калі не ўзнікне новых пагрозаў для Лукашэнкі, то сітуацыя з новай хваляй апазіцыі пасля рэферэндуму будзе яшчэ больш крызіснай, чым яна ёсць зараз. Гэта прывядзе для пашырэння расчаравання і крытыкі, якая і так даволі актыўная. На жаль, мы страцім яшчэ больш часу і рэсурсаў. Таму пакуль ёсць яшчэ гэты імпэт і аўтарытэт Ціханоўскай, трэба заняцца будаваннем альтэрнатыўных інстытутаў, мабілізацыяй кадраў, бо трэба таксама думаць пра будучыню.
Палітолаг кажа, што беларусы ўжо ўвайшлі ў сістэмнае доўгатэрміновае супрацьстаянне не толькі з рэжымам Лукашэнкі, але і з расійскім рэжымам.
— Пытанне: у якой кропцы мы будзем знаходзіцца праз тры-чатыры гады? Ці будзем мы гатовыя да пераменаў? Хто будзе кіраваць краінай, калі раптоўна адбудуцца змены? На сённяшні момант неабходных кадравых рэзерваў пакуль што няма, і на гэта трэба скіраваць усё, што ёсць у наяўнасці. Тым больш неабходна фармаваць усеагульны нацыянальны дэмакратычны рух. За два гады гэтай ініцыятывы не было арганізавана. Без яго таксама цяжка чакаць пазітыўных пераменаў у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.