"Зарад энергіі" ад Лукашэнкі паспрабуюць даставіць у космас
Палёт на МКС прызначаны на чацвер
На 21 сакавіка запланаваны палёт на Міжнародную касмічную станцыю экіпажу, у складзе якога ёсць беларуска Марына Васілеўская. Камандзірам карабля будзе 52-гадовы ўраджэнец Беларусі Алег Навіцкі, бортінжынерам — астранаўт NASA Трэйсі Дайсан. Напярэдадні Васілеўская і Навіцкі па відэасувязі размаўлялі з Аляксандрам Лукашэнкам. І, як высветлілася, атрымалі ад яго "зарад энергіі".
У сераду на фінальнай прэс-канферэнцыі перад палётам Алег Навіцкі заявіў, што размова з Лукашэнкам "зарадзіла энергіяй". І з ёй ён паляціць на МКС.
Дагэтуль галоўным спецыялістам па атрыманні "зараду энергіі" ад Аляксандра Лукашэнкі быў ваенны камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў. Палкоўнік атрымаў шырокую вядомасць у 2021 годзе, калі на Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка паціснуў яму руку, а пасля ваенкам падзяліўся "з вайскоўцамі Гомельскага гарнізона зарадам энергіі і рашучасці".
Палёт Марыны Васілеўскай працягнецца 12 дзён. За гэты час яна збіраецца заняцца пяцю навукова-даследчымі працамі, а таксама двума "грамадскімі". Палкоўнік Алег Навіцкі паабяцаў дапамагаць ёй у эксперыментах, ці нават паўдзельнічаць у іх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.