Заробак настаўніка ў 400 долараў ва Украіне будзе. Але толькі ў 2023 годзе
Некалькі дзён у Беларусі абмяркоўваюць тое, што ва Украіне паднялі мінімальную зарплату настаўнікам да 400 долараў. Еўрарадыё высветліла, што гэта не зусім так.
Сапраўды закон “Аб адукацыі” ўсталяваў мінімальны аклад настаўніка ў тры мінімальныя зарплаты. Цяпер мінімальная зарплата ва Украіне – 3723 грыўні, і калі яе памножыць на тры, то атрымліваецца 11169 грывень, гэта каля 400 долараў. Аднак украінскія ўлады плануюць падняць заробкі да такога ўзроўню толькі ў 2023 годзе.
Вольга працуе выкладчыцай біялогіі ў Кіеўскай дзіцячай акадэміі мастацтваў. Прыходзіцца запаўняць велізарную колькасць розных дакументаў: класны журнал, каляндарнае планаванне, інструктажы па тэхніцы бяспекі, папка выхаваўчай работы (справаздачы аб працы з дзецьмі і бацькамі, выхаваўчыя размовы ў розных сферах), пратаколы бацькоўскіх сходаў і каляндар наведвання школы. Наконт павышэння заробку Вольга скептычная:
"У лістападзе заробак быў 6,3 тысяч грывень (каля 226 долараў), а за снежань было налічана 10 тысяч грывень (каля 358 долараў), аднак я не ведаю, ці было гэта заахвочванне персаналу перад Новым Годам, ці гэта цяпер пастаянная зарплата. Зарплата складаецца з маёй выкладчыцкай стаўкі і даплаты за класнае кіраўніцтва".
Да 1 студзеня мінімальны заробак ва Украіне быў 3,2 тысячы грывень, то бок Вольга атрымлівала амаль што два мінімальныя заробкі.
Таццяна, выкладчыца англійскай мовы ў адной з бабруйскіх гімназій, распавядае, што ім прыходзіцца запаўняць адразу два класныя журналы, адзін з якіх — электронны. Заробак не дацягвае да 250 долараў у месяц: "У мяне 19 вучэбных гадзін, гэтага не набіраецца на поўную стаўку".
Сёння сярэдні заробак ва Украіне — 7479 грывень, а заробак у сферы адукацыі — 5859 грывень. Беларусі сярэдні заробак 836,9 рубля, у адукацыі — 572 рублі.