Засталося знайсці лозунг: "ябацькі" і "змагары" могуць аб'яднацца супраць вайны
Усё ўжо прыдумана да нас
Мы, беларусы — мірныя людзі. Аднак гэта не перашкаджае размяшчаць кантынгент расійскіх войскаў на тэрыторыі нашай краіны ля мяжы з Украінай.
А як жа мантра "Абы не было вайны"? Калі Беларусь усё-ткі падтрымае Расію ў ваенным канфлікце з Украінай, ці не адверне гэта ядзерны электарат Лукашэнкі ад яго?
Аналітык Сяргей Чалы ў эфіры Еўрарадыё выказаў меркаванне, што антываенны рух у Беларусі можа аб'яднаць лагеры, якія варагуюць, — "ябацек" і "змагароў":
— Антываенны рух у Беларусі мог бы быць на самай справе даволі перспектыўным. Прычым, магчыма, у гэтай сітуацыі гэта быў бы лозунг, які мог бы стаць агульным для вось гэтых двух ядзерных электаратаў, якія, як мы ведаем, цяпер вельмі моцна расколатыя. Трэба думаць, пад якімі лозунгамі гэта можа працаваць, але я думаю, што лозунг няўдзелу, недалучэння мог бы быць.
Аднак ёсць адно "але": праблема ў тым, што Беларусь цяпер — гэта найбліжэйшы вайсковы хаўруснік Расіі, якому ўжо няма куды адступаць. Якімі б гучнымі ні былі агульныя лозунгі, наўрад ці ў сітуацыі, якая склалася, гэта паўплывае на рашэнне Лукашэнкі пра няўдзел у ваенным канфлікце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.