Затрыманы "на поўдні Беларусі" снайпер быў у Калінкавічах з жонкай і дзецьмі
Становяцца вядомыя новыя падрабязнасці пра затрыманне ў Беларусі дзясяткаў "расійскіх баевікоў" з прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Пра яго 29 ліпеня паведамілі беларускія афіцыйныя СМІ. Нібыта, гэтыя людзі прыбылі ў нашу краіну "для дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі".
Быў апублікаваны спіс з 33 затрыманых. Высветлілася, што сярод іх ёсць не толькі ўраджэнцы Расіі, але і Украіны. Некаторыя з іх ваявалі на Данбасе супраць Украіны. У спісе знайшоўся і беларус — 42-гадовы Андрэй Бакуновіч. Як высветліла nn.by, гэта пра яго паведамілі афіцыйныя СМІ, як пра затрыманага "на поўдні Беларусі". Бакуновіч ваяваў на Данбасе, у прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера ўзначальваў снайперскую групу.
Маці Андрэя Бакуновіча кажа, што ён спакойна бавіў час з сям'ёй — у Калінкавічах з жонкай і дзецьмі. Яго затрымалі каля 5-й гадзіны раніцы нейкія сілавікі і павезлі ў Мінск.
Па словах сястры Бакуновіча, брат — грамадзянін Расіі, у Беларусі "бывае наездамі". Цяпер ён быў у бацькоў ужо каля месяца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.