Затрыманы за сямейны скандал мужчына здзейсніў суіцыд у міліцэйскай машыне
У Кобрынскім раёне затрыманы міліцыяй мужчына скончыў жыццё самагубствам у службовай машыне. Пра гэта паведамляе ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у ноч на 6 ліпеня следча-аператыўная група Кобрынскага РАУС прыехала на выклік у вёску Стрыгава. На месцы разбіральніцтва ўзнік сямейны скандал. Затрымалі мужчыну 1986 года нараджэння — за адміністратыўнае правапарушэнне. Раней ён неаднаразова меў праблемы з міліцыяй з такой самай нагоды.
Праваахоўнікі змясцілі яго ў адсек для затрыманых службовай машыны "ГАЗ" і там мужчына здзейсніў суіцыд. Міліцыянты і медыкі хуткай спрабавалі яго рэанімаваць, але давялося канстатаваць смерць.
Кобрынскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку на факце гэтага здарэння.
Стрыгава — даволі буйны аграгарадок у Брэсцкай вобласці, у 10 км на паўночны захад ад Кобрына. Там пражывае каля 500 чалавек, ёсць школа і Дом культуры.