Затрыманых кіраўнікоў БелаПАН перавялі ў СІЗА на Валадарскага

Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў знаходзяцца за кратамі з 18 жніўня 2021 года. Абвінавачванне абодвум павінны прад'явіць на працягу 20 сутак / Euroradio
Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў знаходзяцца за кратамі з 18 жніўня 2021 года. Абвінавачванне абодвум павінны прад'явіць на працягу 20 сутак / Euroradio

Дырэктара і галоўнага рэдактара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава, паводле інфармацыі сваякоў, перавялі з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага, паведамляе БелаПАН.

У жонкі Дзмітрыя Наважылава 28 жніўня прынялі перадачу для мужа ў СІЗА на Валадарскага. Дачка Ірыны Леўшынай мяркуе, што яе маці таксама знаходзіцца на Валадарскага, бо скончыліся 10 сутак, пасля чаго Наважылаву і Леўшынай павінны былі абраць меру стрымання або вызваліць. Абвінавачванне абодвум павінны прад'явіць на працягу 20 сутак.

Белапанаўцы былі затрыманыя 18 жніўня ў якасці падазраваных па арт. 342 УК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 27 жніўня СК паведаміў, што іх таксама падазраюць у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 243 УК (ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне ўрону ў буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула - абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Акрамя Леўшынай і Наважылава 18 жніўня была затрыманая бухгалтар БелаПАН Кацярына Боева. Праваабаронцы прызналі ўсіх траіх палітвязнямі. Боеву адпусцілі на свабоду раніцай 28 жніўня пад абавязацельства аб яўцы. Яна застаецца ў статусе падазраванай.

Офіс БелаПАН апячатаны. Рэдакцыйны сервер і сервер, на якім размяшчаўся сайт кампаніі, канфіскаваныя. Сайт БелаПАН недаступны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі