Зборная Беларусі выйграла ў Галандыі з лікам 2:1

У сераду зборная Беларусі на мінскім стадыёне “Дынама” ў апошнім адборачным матчы чэмпіянату Еўропы па футболе перамагла зборную Галандыі з лікам 2:1.
Адразу адзначым, што галандцы выйшлі на гэты матч без сваіх лідэраў, бо яны ўжо патрапілі на чэмпіянат Еўропы. Беларусы ж атрымалі шанс палепшыць сваё турнірнае становішча і ім скарысталіся.

У першым тайме больш пераканаўчымі выглядалі госці. У перапынку быў заменены Аляксандр Глеб, які, праўдападобна, не аднавіўся пасля атрыманай на трэніроўцы траўмы.

На 49-й хвіліне прыгожы гол у вароты гасцей забіў Віталь Булыга. Беларусы працягвалі атакаваць і на 65-й хвіліне Уладзімір Карыцька забівае другі гол. Галандцы мелі нямала момантаў (нашая абарона давала збоі), але вызначыліся толькі аднойчы – на апошніх хвілінах.
 
Нагадаем, што папярэднюю перамогу над галандцамі беларусы здабылі ў далёкім 1995 годзе.

А цяпер пра вынікі іншых матчаў нашай групы. Румыны на сваім полі разграмілі албанцаў – 6:1. Балгары ў гасцях выйгралі ў славенцаў з лікам 2:0.

У выніку беларуская зборная з 13 ачкамі заняла ў адборачнай групе G чацвёртае месца. Наперадзе аказаліся толькі зборныя Румыніі (29 ачкоў), Галандыі (26 ачкоў) і Балгарыі (25 ачкоў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі