Зборная Швецыі па біятлоне выйграла эстафету на Алімпіядзе, беларусы — 8-я
У пятніцу на зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане прайшла мужчынская біятлонная эстафета (4х7,5 км). Яе выйграла зборная Швецыі, на другім месцы — Нарвегія, на трэцім — Германія. Беларуская зборная заняла 8-е месца. У яе складзе выступілі Антон Смольскі, Раман Ялётнаў, Сяргей Бачарнікаў і Уладзімір Чапелін. На іх рахунку 3 штрафныя кругі і 12 дадатковых патронаў. Ад пераможцаў яны адсталі амаль на 5 хвілін.
Ялётнаў пасля гонкі прызнаў, што праваліў стральбу, а на трасе яго “ногі не трымалі”.
Зборная Францыі ў эстафеце была толькі 5-й. Нават Мартэн Фуркад у моцны вецер страляў няўдала і вымушаны быў прайсці штрафны круг. У французаў, як і ў беларусаў, былі 3 штрафныя кругі і 12 дадатковых патронаў.
Раман Ялётнаў. Фота: Reuters