Жанчыны на грошах: сексізм у ЗША і гендарная роўнасць у Аўстраліі

“Ці можна лічыць банкноты сексісцкімі?” — задаецца пытаннем выданне Mirror. Нядаўна Банк Англіі аб’явіў аб з’яўленні на купюры 10 фунтаў пісьменніцы Джэйн Осцін. Але да гэтага стала вядома, што з “пяцёркі” прыбяруць рэфарматарку Элізабэт Фрай. Таму ў суме нічога не зменіцца: акрамя каралевы, на брытанскіх грошах будзе толькі адна жанчына.

Журналісты Mirror разбіраюцца, як выглядаюць справы ў іншых краінах, у тым ліку, у якіх любяць адпачываць брытанцы:

“У большасці краін жанчыны не прадстаўленыя на банкнотах увогуле. З 14 разгледжаных краін толькі 11% банкнот маюць выяву жанчыны. Хаця гэта не так і дрэнна, як гучыць. Дызайн некаторых валют, як еўра, увогуле не прадугледжвае выяваў людзей, а адлюстроўвае помнікі архітэктуры”.

У плане адсутнасці людзей, а большага акцэнту на будынкі, еўра вельмі падобнае да нашага рубля. А вось самыя “гендарна роўныя” грошы, паводле Mirror, у Аўстраліі:

“У цяперашні час на аўстралійскім долары прысутнічаюць выявы шасці жанчын, і толькі на адной банкноце яны адсутнічаюць. Насамрэч, большасць аўстралійскіх банкнот змяшчаюць адначасова выявы і жанчын, і мужчын”.

Калі паглядзець на долар амерыканскі, то на ім змяшчаюцца, як правіла, прэзідэнты (выключэнні — Бенжамін Франклін і Аляксандр Гамільтан). Таму пакуль у ЗША не з’явіцца жанчына-прэзідэнт, “жаночы” долар мы таксама наўрад ці пабачым.

Тым часам уцягнуць жанчын у грашовыя справы хочуць не толькі дзеля прыгажосці — Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) заявіў аб намерах павялічыць колькасць топ-менеджараў-жанчын удвая.

“Ёсць надзея, што да канца 2019 года 35% сярэдніх кіруючых пасадаў і 28% вышэйшых кіруючых пасадаў будуць займаць “кваліфікаваныя жанчыны”. Цяпер жа жанчыны складаюць 17% і 14% сярэдніх і вышэйшых кіраўнікоў адпаведна”, — перадае словы члена праўлення ЕЦБ Ёрга Асмусана Der Spiegel.

Напэўна, такая навіна парадуе тых, хто змагаецца за правы жанчын. Толькі 2019 год будзе не хутка. Як, у прынцыпе, і 2017-ы, калі ў Вялікабрытаніі пачнуць хадзіць вышэйзгаданыя банкноты з Джэйн Осцін. Але вакол іх ужо паспеў разгарэцца сур’ёзны скандал. Справа ў тым, што феміністка Кэралайн Крыада-Перэс, дзякуючы кампаніі якой Банк Англіі пагадзіўся ўвесці новыя купюры, пачала атрымліваць за сваю актыўнасць пагрозы праз Twitter. У выніку быў затрыманы 25-гадовы інтэрнэт-агрэсар. А Twitter, у адказ на патрабаванні карыстальнікаў, нават увёў у брытанскай версіі спецыяльную кнопку, з дапамогай якой можна паведаміць у паліцыю аб абразе.

Фота: mirror.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі