Жыхар Гродна за ўдзел у пратэстах атрымаў "хімію", яго жонка — 2,5 года калоніі
У Гродне за ўдзел у пратэстах асуджаныя муж і жонка. Ігар Пазнякоў і Алена Ягорычава з 30 верасня 2021-га ўтрымліваліся ў гродзенскай турме №1. Слесар Пазнякоў атрымаў два з паловай гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу і быў вызвалены ў зале суда, юрыстка Ягорычава — 2,5 года калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Крымінальную справу разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна (суддзя — Віталь Лабоцкі, дзяржабвінаваўца — Алена Дайліда). Ігара Пазнякова і Алену Ягорычаву прызналі вінаватымі ў "дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" ("натхняючы сваімі паводзінамі іншых, станаваліся ў "счэпку"), жанчыну яшчэ і ў "гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" (нібыта ўдарыла сілавіка). Гаворка пра падзеі падчас вераснёўскай вулічнай акцыі 2020 года.
Ігар Пазнякоў і Алена Ягорычава прызнаныя палітвязнямі.
Ягорычава — дачка гісторыка-прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.